Архіварта

  • Home
  • Архіварта
Ці варты Архіварты аб’ект

Каштоўнасць таго і іншага аб’екта — прадмет дыскусіі, бо само гэтае паняцце абапіраецца на суб’ектыўныя адчуванні. Менавіта таму адказаць дакладна, што варта дадаваць на «Архіварту», а што не — досыць праблемна. Ніжэй мы паспрабавалі сабраць найбольш відавочныя крытэрыі, на якія можна ўпэўнена абапірацца пры жаданні папоўніць базу каштоўнасцей новым аб’ектам.

Асноўныя крытэрыі

Культурнымі каштоўнасцямі, якія адназначна варта дадаваць на партал «Архіварта», з’яўляюцца:

  • шараговая забудова паселішчаў, якая ўзведзена да 1939 года і:
    • захавала архітэктурны дэкор (напрыклад, ліштвы, сандрыкі, цягі і карнізы, пілястры, калоны, лапаткі, балясіны, рустоўку сцен і іх частак, ляпніну, арнаментальны цагляны дэкор, разьбяны дэкор, дэкаратыўныя кранштэйны, каваныя ці літыя казыркі і агароджы, арыгінальныя дзвярныя і аконныя запаўненні з характэрнай раскладкай рам ці аўтэнтычнай фурнітурай, вітражы, роспісы ў інтэр’ерах, дэкаратыўнае выкананне падлогі з метлахскай ці цэментнай кафлі, у тэхніцы тэрацца);
    • звязана з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб або з функцыянаваннем гістарычных дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый (напрыклад, павятовае казначэйства, жандармерыя, будынак дваранскіх сходаў, гімназія, народнае вучылішча і інш.);
    • з’яўляецца неад’емнай часткай ансамблевай забудовы (якая адпавядае крытэрыям, пералічаным вышэй) пры частковай ці поўнай страце сваіх мастацкіх адметнасцей. 
  • прыватнаўласніцкая забудова, у т.л.:
    • сядзібна- і палацава-паркавыя ансамблі і комплексы (у тым ліку іх складовыя часткі: сядзібныя дамы, флігелі, альтанкі, брамы, лядоўні, стайні, паркі, алеі, каналы, ставы і інш.), у тым ліку ў руініраваным выглядзе;
    • комплексы гаспадарчых двароў ці асобныя прамысловыя будынкі (гаспадарчыя пабудовы, бровары, млыны і інш.).
  • сядзібная забудова, якая ўзведзена да 1939 года і:
    • у значнай ступені захавалі аўтэнтычны выгляд, характэрны для дадзенага рэгіёна (або адпавядае крытэрыям для шараговай забудовы паселішчаў). 
  • культавыя збудаванні, якія ўзведзены да 1939 года (у тым ліку цэрквы, касцёлы, капліцы і прыдарожныя каплічкі, звязаныя з імі збудаванні — агароджы, брамы, званіцы) і захаваліся ў тым ліку ў руініраваным выглядзе;
  • мемарыяльныя аб’екты:
    • надмагільныя помнікі і агароджы, якія выкананыя на высокім мастацкім узроўні ў формах пэўнай стылявой эпохі (класіцызму, эклектыкі, неаготыкі, мадэрну і інш.), або з выкарыстаннем архітэктурных элементаў, або ў тэхніках мастацкай разьбы па камені, мастацкага ліцця з металу ці бетону; 
    • пахаванні вядомых дзеячаў культуры, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў;
    • радавыя пахаванні шляхты.
    • могілкавыя капліцы-пахавальні, капліцы-надмагіллі, магільныя скляпы.
  • індустрыяльныя аб’екты, якія ўзведзены да 1939 года і:
    • захавалі архітэктурны дэкор ці гістарычнае аб’ёмна-прасторавае рашэнне;
    • маюць важнае значэнне ў захаванні гістарычнага сілуэту паселішча ці асобных яго раёнаў (напрыклад, заводскія трубы, вадацяжныя вежы);
    • звязаны з прамысловай дзейнасцю знакамітых асоб або з функцыянаваннем знакамітых гістарычных прадпрыемстваў ці дзяржаўных ініцыятыў;
  • жылая і грамадская забудова, узведзеная пасля 1939 года ў  тым ліку па тыпавых праектах, і:
    • захавала архітэктурны дэкор (пералік гл. вышэй) у стылістыцы постканструктывізму і пазнейшага савецкага неакласіцызму;
    • з’яўляецца частка ансамблевай забудовы.
  • Грамадская і жылая забудова другой паловы XX ст.
    • якая з’яўляецца найбольш яскравым увасабленнем савецкага мадэрнізму і постмадэрнізму. [Каментарый: звычайна такія аб’екты разглядаюцца ў профільнай архітэктурна-мастацтвазнаўчай літаратуры, у т.л. «Зборы помнікаў», «Архітэктуры Беларусі» і інш.]
  • помнікі манументальнага мастацтва і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва (вызначаюцца паводле Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1374 ад 19.09.2008 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва».
  • культурныя каштоўнасці, якія былі ўнесены ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» — афіцыйны дакумент, які ўключаў помнікі БССР, што былі ўзяты або павінны былі быць узяты пад дзяржаўную ахову, але праз пэўныя абставіны не былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;
  • культурныя каштоўнасці, якія былі ўнесены Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але пры фарматаванні спіса ў 2000-я гады не былі паўторна ўнесены (так бы мовіць «выпалі»), хоць афіцыйна ніколі не былі пазбаўлены ахоўнага статусу; 
  • культурныя каштоўнасці, якія абазначаны на схемах у праектах зон аховы гісторыка-культурныя каштоўнасці, як каштоўная ці шараговая забудова (у розных фармулёўках);
  • культурныя каштоўнасці, якія ўмоўна абазначаныя на схемах апорных гісторыка-архітэктурных планаў зацверджаных генеральных планаў гарадоў. 

А таксама іншыя культурныя каштоўнасці, чыя каштоўнасць пацверджана іншым чынам.

Часавыя граніцы

Аб’ектыўна ніжняй дапушчальнай граніцы з’яўлення для аб’ектаў не існуе — пачынаем ад першых стаянак чалавека на Беларусі. З верхняй больш складана. Як вы маглі заўважыць з крытэрыяў вышэй, для большасці забудовы граніцай служыць XX стагоддзе. Нельга назваць больш дакладную дату, але ўмоўна можна прытрымлівацца 1991 года — моманту распаду СССР і смерці савецкага мадэрнізму. Тым не менш, некаторыя аб’екты, якія наследуюць традыцыі мадэрнізму ў больш позні час (Палац Рэспублікі) ці выкананы на высокім мастацкім узроўні (касцёл Андрэя Баболі ў Полацку), могуць быць дададзены на Архітварту. 

Што не варта дадаваць?

Мы пакуль не бачым сэнсу ў даданні на Архіварту цэркваў з сілікатнай цэглы, тыпавых хрушчовак і дамоў упрыгожаных лебедзямі з крышак ад пластыкавых бутылак. Фотаздымкі сучасных храмаў, якія з’явіліся на месцы гістарычных, варта дадаваць на старонкі, якія прысвечаны гэтым страчаным помнікам.

Пытанне — адказ

Ці магу я дадаць лаву, слуп, агароджу?
  • Лавы звычайна з’яўляюцца вулічнай мэбляй, таму іх нельга лічыць нерухомай матэрыяльнай спадчынай, а значыць яны не адпавядаюць нашым крытэрыям. У той жа час мураваныя лавы і крэслы на тэрыторыі былых сядзіб цалкам адпавядаюць крытэрыям. Таксама можна дадаваць гістарычныя агароджы і слупы, калі яны ўяўляюць нейкую цікавасць. 

Ці магу я дадаць цікавую магілу?

  • Пажадана ствараць асобныя старонкі для магіл, размешчаных на могілках, толькі калі яны маюць надзвычай высокі мастацкі ўзровень, або ў ёй пахавана надзвычай важная для Беларусі асоба. У іншых выпадках лепш дадаваць інфармацыю і фотаздымкі пра асобныя пахаванні на старонкі могілак, або групаваць іх у групы (напрыклад, «сямейнае пахаванне роду Ельскіх»). Прычына дадзенага абмежавання — магчымае засмечванне карты пры стварэнні старонак для кожнай старой магілы. 
Як правільна дадаваць сядзібна-паркавы комплекс?
  • Спачатку стварыце старонку для ўсяго комплексу, а пасля асобнымі падаб’ектамі сядзібны дом, флігель левы, флігель правы, стайню, браму, альтанку. Аналагічна з манастырскімі комплексамі, ансамблямі, гістарычнымі цэнтрамі гарадоў. 

Аб’ект не захаваўся, ці можна яго дадаваць?

  • Не толькі можна, але і трэба, калі ён у цэлым адпавядаў асноўным крытэрыям.

А калі перабудаваны да выгляду непрыкметнай каробкі?

  • Таксама варта, але вельмі пажадана дадаваць такія аб’екты з гістарычнымі выявамі, на якіх адлюстраваны іх выгляд да перабудовы. У выпадку адсутнасці гістарычных выяў, можна акцэнтаваць увагу на захаваных элементах, якія пацвярджаюць тое, што калісьці будынак адпавядаў асноўным крытэрыям.

Ці можна дадаць мазаіку ці роспіс?

  • Творы дэкаратыўна-манументальнага мастацтва, асабліва выкананыя на малапрыкметнай савецкай забудове, або выкананыя на нерухомых культурных каштоўнасцях, але з вялікай розніцай у часе з датай стварэння самой каштоўнасці, варта дадаваць на Архіварту як асобныя аб’екты. Астатнія выпадкі трэба разглядаць асобна. Сучасныя муралы не адпавядаюць нашым крытэрыям.
20 лютага 2023Comments Offправілы