Шыфр : 212Г000617
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1761 – 1780-я
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Богаяўленскі_сабор_(Полацк)

Богаяўленскі сабор — праваслаўная царква ў цэнтры Полацка Віцебскай вобласці на правым беразе Заходняй Дзвіны, частка комплексу былога Богаяўленскага манастыра, помнік архітэктуры XVIII ст.
Дзеючы кафедральны сабор Полацкай і Глыбоцкай епархіі.

== Гісторыя ==
У 1761 годзе манахі пачалі будаўніцтва каменнага Свята-Богаяўленскага сабора. 5 жніўня 1777 года ён быў асвячоны. Раней Свята-Богаяўленскі сабор уяўляў сабой аднаапсідны крыжова-купальны каменны храм з двухвежавым галоўным фасадам, але пасля неаднаразова перабудоўваўся.

== Рэліквіі ==
Захаваліся тры фрагменты фрэскавага роспісу другой паловы XVIII стагоддзя. У саборы знаходзіўся знакаміты спіс цудатворнай Іверскай Іконы Маці Божай, аўтарства якой прыпісвалася евангелісту Луку.

== Архітэктура ==
Крыжова-купальны 1-апсідны храм з дзвюма 1-яруснымі вежамі на галоўным (заходнім) фасадзе. Над перакражаваннем асноўнага аб’ёму і трансепта — высокі светлавы барабан са сферычным купалам, завершаным гранёным ліхтаром. Такімі ж купалкамі завершаны і фасадныя вежы, паўночная з’яўлялася званіцай (7 званоў). Сцены вежы, грані барабана прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі ў прасценках. Галоўны фасад крапаваны магутнымі слаістымі пілястрамі на высокіх цокалях, па восі сіметрыі арачныя ўваходны партал і аконны праём хораў над ім. Вось сіметрыі бакавых фасадаў падкрэслена рызалітам з лучковым уваходным праёмам з глыбокімі адхіламі. Па перыметры будынка праходзіць карніз простай прафіліроўкі. Барочныя франтонныя завяршэнні фасадаў былі зняты ці паменшаны ў 1839 г.

== Інтэр’ер ==
Інтэр’ер двухсветлавы, у цэнтры 4 масіўныя слупы квадратнага сячэння, перакінутыя цераз іх аркі і парусы нясуць сферычны купал з ліхтаром. Цыліндрычны барабан пад купалам вырашаны як ратонда. Перакрыцці — цыліндрычныя скляпенні на распалубках. Над нартэксам на тройной аркадзе размешчаны хоры з каванай агароджай. На левым перадалтарным слупе фестонная ракальная арка — выхад на колішні амбон. Фрагментарна захаваўся фрэскавы жывапіс на ўнутранай паверхні барабана, у яго прасценках — тэмперныя размалёўкі (трохметровыя фігуры 3 свяціцеляў; 2-я палавіна 18 ст., часткова адноўлена ў 19 ст.). Меўся славуты абраз «Маці Божая Іверская» ў сярэбраным пазалочаным абкладзе і такой жа раме (лічыўся цудатворным), які пасля пажару быў перанесены ў Сафійскі сабор. На абразе было 18 каштоўных камянёў і сярэбраныя вызалачаныя вянцы, адзін з якіх старажытны. Існуе двух’ярусны іканастас сучаснай работы на 6 абразоў. Пасля рэстаўрацыі з 1981 г. ў саборы размясцілася карцінная галерэя.

== Сучасны стан ==

У савецкі час сабор быў зачынены і пераабсталяваны ў спартыўную залу. З 1981 года ў будынку сабора размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 годзе сабор быў нанова адкрыты для богаслужэнняў.
У наш час Свята-Богаяўленская царква з’яўляецца кафедральным саборам Полацкай і Глыбоцкай епархіі.

== Гл. таксама ==
Богаяўленскі манастыр, Полацк

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Шыфр : 212Г000617
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1761 – 1780-я
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Богаяўленскі_сабор_(Полацк)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты