Шыфр : 512Е000001
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1780
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Архіепіскапскі_палац_(Магілёў)

Архіепіскапскі палац — палац у Магілёве, размешчаны па адрасе Ленінская вуліца, 25. Помнік архітэктуры класіцызму.

== Гісторыя ==

Пабудаваны ў 1780-я гады з цэглы. З’яўляўся рэзідэнцыяй каталіцкага архіепіскапа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (да 1827 г.).

=== Харальная сінагога ===
Пасля пажару плошча будынка скарацілася, у другой палове XIX стагоддзя яго купіў мясцовы яўрэйскі купец Барух Цукерман, які перабудаваў руіны былога палаца архібіскупа ў цэнтральную харальную сінагогу (таксама вядомая як сінагога Цукермана). Сінагога была адкрыта ў 1900 годзе, функцыянавала як штаб-кватэра рабіна горада.

Яўрэйская энцыклапедыя Бракгаўза і Ефрона паведамляла, што ў горадзе станам на 1911 год існуюць трыццаць восем сінагог і малельняў, з якіх трынаццаць належаць хасідам. У 1925 годзе зачынена, з 1929 года тут размяшчаўся кінатэатр, а пазней прафсаюзы.
Цяпер у будынку размешчана спецыяльная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 6. Помнік рэспубліканскага значэння.

== Архітэктура ==

Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невялікімі бакавымі крыламі, накрыты вальмавым дахам, размешчаны на адной восі з Станіславаўскім касцёлам. Галоўныя фасад арыентаваны ў бок Дняпра, тарцовы фасад — на вул. Ветраную (сучасная Ленінская, 25). Перад будынкам спачатку быў вялікі парадны двор, з боку дваровага фасада знаходзіліся сад і карпусы духоўнай кансісторыі (не захаваліся).
Галоўны фасад вылучаны 3 плоскімі рызалітамі. Цэнтральны завершаны прамавугольным атыкам, бакавыя — 3-вугольнымі франтонамі. Паверхі вылучаны развітымі гарызантальнымі цягамі, першы паверх аздоблены рустам, другі — пілястрамі. Прамавугольныя аконныя праёмы з разнастайным абрамленнем. У бакавых рызалітах аконныя праёмы другога паверха — лучковыя. Па першым паверсе знаходзіліся службовыя і гаспадарчыя памяшканні, на другім — пакоі архіепіскапа; у заходнім крыле — палацавая капліца, якая па вышыні займала абодва паверхі. Унутраная планіроўка анфіладная, зменена. Цэнтральны вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Магілёўскі архіепіскапскі палац // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 464.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Шыфр : 512Е000001
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1780
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Архіепіскапскі_палац_(Магілёў)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты