Архірэйскі палац — помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1772—1785 гг. для архіепіскапа Г. Каніскага архітэктарам І. К. Глаўбіцам. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння.
== Гісторыя ==
Архірэйскі палац уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра, разам з якім і будынкам духоўнай семінарыі складаў адзіны горадабудаўнічы комплекс. Пабудаваны ў 1772—1785 гадах у глыбіні квартала на высокім беразе Дняпра паводле праекта віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца па заказе архіепіскапа Г. Каніскага. З’яўляўся рэзідэнцыяй апошняга ў 1785—1795 гг., з 1797 г. — А. Братаноўскага. У 1918 г. будынак займала Магілёўская губернская надзвычайная камісія.
== Архітэктура ==
Палац уяўляе сабой мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў. Сцены аздоблены з глыбокім гарызантальным рустам і руставанымі пілястрамі на вуглах, прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, філянговымі нішамі, тонкапрафіляванымі карнізамі. Трэці паверх атыкавы ў цэнтральнай частцы. Галоўны ўваход вылучаецца арачным парталам з казырком на металічных калонках.
Цэнтральнае месца ў інтэр’еры палаца займаў вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. На першым паверсе знаходзілася парадная зала для прыёмаў і службовыя пакоі, на другім — асабістыя пакоі ахіепіскапа: спальня, кабінет, бібліятэка, на трэцім — гаспадарчыя памяшканні. У XX ст. унутраная планіроўка была зменена.
=== Агароджа ===
Пасля 1853 г. на тэрыторыі архірэйскага двара на галоўнай восі палаца як галоўны ўезд пабудавана мураваная брама. Брама ўяўляе сабой два масіўныя пілоны, аздобленыя дзвюма калонкамі дарычнага ордара і завершаныя франтонамі, накрыты двухсхільным дахам. Далучаныя да яе паўкругам слупы злучаны металічнай агароджай.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Магілёўскі архірэйскі палац // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 464.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.