Шыфр : 213Г000783
Датаванне : 1840
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзібна-паркавы_ансамбль_Грабніцкіх_(Арэхаўна)

Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх, Арэхаўнянская сядзіба — помнік сядзібна-паркавага мастацтва на паўночнай ускраіне аграгарадка Арэхаўна (называлася таксама Лютава ці Запалевічы) ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, над возерам пры старым гасцінцы з Лепеля на Полацк.

== Гісторыя ==
Упершыню паселішча ўспамінаецца пад 1583 годам у сувязі з пацвярджэннем каралём Стэфанам Баторыям прывілея, дадзенага яго папярэднікам Жыгімонтам Аўгустам уладальнікам гэтай мясцовасці Рагозам. На пачатку XVII ст. Арэхаўна належала Марыяне Корсак з Рагозаў, ад якой перайшло да Сушынскіх, у 1642 годзе маёнтак набыў Тадэвуш Кмітыніч Сялява. Ад гэтага роду маёнтак трапіў да Рыпінскіх. Полацкі крайчы Ян Рыпінскі ў 1745 годзе прадаў маёнтак Антонію і Ядвізе Грабніцкім.
Першапачаткова Антоній і Ядвіга карысталіся прозвішчам Дактаровічы, якое ў канцы XVII ст. змянілі на Грабніцкія, захоўваючы першапачатковае як прыдомак. Прадстаўнікі гэтага роду валодалі маёнткам да Кастрычніцкай рэвалюцыі (1917).
У Антонія і Ядвігі было два сыны: Мікалай і Станіслаў. Адзіны сын Мікалая Отан (Антон) стаў адным з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час падзей 1863-64 гадоў, з-за чаго быў прысуджаны да 6 гадоў катаргі і памёр на шляху ў Сібір у студзені 1865 года. Арэхаўна было набыта «па рашэнні Віцебскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда ад 4 мая 1872 года», верагодна, у выніку лёсу ўладальніка. Новым уласнікам маёнтка стаў стрыечны брат Отана — Адам Станіслававіч.
Адам Дактаровіч-Грабніцкі і яго два сыны Юстын (нар. 1875) і Ян Тадэвуш (нар. 1879) былі апошнімі ўладальнікамі Арэхаўны. Пасля рэвалюцыі сядзіба заняпала. У былым сядзібным доме ў час Другой сусветнай вайны з 09.07.1943 г. да 15.04.1944 г. размяшчаўся шпіталь 2-й Ушацкай імя П. К. Панамарэнкі партызанскай брыгады. У памяць пра гэта ў 1958 годзе на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Пазней тут размяшчалася школа.

== Архітэктура ==
Сядзібны комплекс быў пабудаваны ў 1840 годзе на паўночнай ускраіне вёскі Арэхаўна.

=== Сядзібны дом ===
Сядзібны дом уяўляе сабой мураваны П-падобны ў плане аднапавярховы будынак з двухпавярховай цэнтральнай часткай, вылучанай балконам і завершанай трохвугольным франтонам. Сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасада парушана бакавым размяшчэннем увахода, аформленага 4-калонным атыкавым порцікам. Дваровы фасад вырашаны сіметрычна: у цэнтры выступае 2-павярховы акруглы эркер і кароткія бакавыя крылы. У аздабленні фасадаў выкарыстаны рустоўка, дэнтыкулы, прафіляваныя карнізы, ліштвы і сандрыкі ў абрамленні акон. Планіроўка анфіладная. У цэнтры вылучаецца вялікая авальная зала з вітой лесвіцай.
У сядзібе мелася вялікая бібліятэка, карцінная галерэя, у якой былі сабраны творы Дэлакруа, Вато, Фраганара, каштоўныя зборы фарфору, срэбра, венецыянскай бронзы, старадаўняй зброі.

=== Капліца ===
Побач з гаспадарскім домам у 1875 годзе архітэктарам Віткоўскім была пабудавана мураваная фамільная капліца-пахавальня.

=== Парк ===
Комплекс уключаў рэгулярны парк плошчай 20 га з возерам, у якім раслі кедры, лістоўніцы, таполі і інш., сядзібны дом, флігель, шмат гаспадарчых пабудоў (часткова захаваліся). Ад уязной брамы да параднага двара-курданёра ішла цэнтральная алея.

== Зноскі ==

== Літаратура ==

Арэхаўнянская сядзіба // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 174—175.
Сядзіба. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 425—426.
Кулагін А. М. Арэхаўнянская сядзіба // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 1. А капэла — Габелен / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. — С. 158. — 727 с. — 10 000 экз.

Шыфр : 213Г000783
Датаванне : 1840
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзібна-паркавы_ансамбль_Грабніцкіх_(Арэхаўна)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.