Шыфр : 513Г000066
Архітэктурны стыль : мадэрн
Датаванне : 1912
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Асабняк_Мірэнбурга_(Бабруйск)

Асабняк — будынак у Бабруйску, размешчаны па вуліцы Пушкіна, 211. Мае элементы стыляў класіцызму, ампіру і мадэрн. Дом — адзін з лепшых узораў беларускай жыллёвай архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачатку XX ст.

== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1912 годзе бабруйскім лесапрамыслоўцам Мірэнбургам. З 1921 года там быў адкрыты першы радзільны дом, які праіснаваў у гэтым будынку да 1927 года. Да 1922 года тут было 15 коек. У будынку знаходзілася і гінекалагічнае аддзяленне. Потым, верагодна, дом ізноў быў жылым. У далейшым у будынку размяшчаліся яслі-сад, аддзел аховы здароўя Бабруйска.
У пачатку 1990-х гадоў гарадскім аддзелам аховы здароўя праведзена рэстаўрацыя будынка. Кладкай печаў займаўся майстар гэтай справы Мацвей Зубараў, прадстаўнік дынастыі бабруйскіх печнікоў, кафляй — камастакі-керамісты мастацка-творчых майстэрняў рэспубліканскага мастацкага фонду на чале з В. А. Калтыгіным.
У наш час тут размяшчаецца прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у г. Бабруйску.

== Архітэктура ==

Аднапавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак на высокім цокалі, накрыты вальмавым металічным дахам. На атынкаваным галоўным фасадзе засяроджаная галоўная архітэктурная аздоба. Кампазіцыя фасада сіметрычная: у цэнтры ганак з порцікам на дзвюх канеліраваных калонах кампазітнага ордара, завершаны складаным па форме франтонам. Абодва бакі фланкіраваны несапраўднымі рызалітамі, утворанымі дзвюма пілястрамі з антаблементам і прамавугольным атыкам над імі.

У дэкаратыўным аздабленні інтэр’ера галоўная роля належыць шасці маёлікавым з раслінным арнаментам камінам, завершаным складанымі карнізамі і франтонамі. Тры каміны светла-зялёныя, два — белыя з размалёўкай золатам; дэкаратыўнай насычанасцю мастацкай формы вылучаецца камін з кафлі цёмна-кававага колеру, упрыгожаны расліннымі трохкветкавымі сюжэтамі. Ён мае завяршэнне ў выглядзе цэнтральных і бакавых акратэрыяў, антаблемент з раслінным фрызам. Камінны праём фланкіруюць дзве карыятыды, над імі — развіты пояс фрыза з нішамі і прамавугольнымі ўстаўкамі з выявамі матылькоў, расліннымі матывамі і інш.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Ю. А. Якімовіч. Бабруйскія асабнякі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Шыфр : 513Г000066
Архітэктурны стыль : мадэрн
Датаванне : 1912
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Асабняк_Мірэнбурга_(Бабруйск)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты