Асвейская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-ой паловы XVIII ст., знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Асвея Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі каля паўднёвага берага возера Асвейскае.
Пабудавана ў 1782 г. ў стылі класіцызму ў маёнтку мінскага ваяводы Яна Аўгуста Гільзена, аўтара «Кронікі інфлянцкай», вядомага дабрачынца ў галіне каталіцкага будаўніцтва. З 1786 г. належыла графу Шадурскаму.
== Архітэктура ==
Двухпавярховы палац з 5 корпусаў і з 4 шырокімі галерэямі меў арыгінальную планіроўку:
галоўных увахода было 4, адпаведна порам года;
унутраных — 12, па ліку месяцаў;
пакояў і залаў — па ліку тыдняў у годзе;
вокнаў — па ліку дзён у годзе.Палац акружаў паркавы масіў, які займаў 40 гектараў (у наш час — 15 га). Парк належыць да пейзажнага тыпу перыяда рамантызму. У парку растуць мясцовыя пароды дрэў: ясень, ліпа, дуб, клён, бяроза. Сярод экзотаў: таполя даўгалістая, таполя белая, таполя валасістаплодная, таполя канадская, лістоўніца сібірская, лістоўніца еўрапейская, спірэі, рабіннік рабіналісты, ружа маршчыністая і іншыя.
== Сучасны стан ==
Сядзіба была разбурана ў 1914 годзе. Засталіся руіны разам з касцёлам і аранжарэяй.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Федарук А. Т. Асвейскі парк // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.