Катэгорыя : Археалогія / Курганы
Шыфр : 213В000757
Датаванне :
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Багрынава_(археалагічны_помнік)

Багрынава — археалагічны помнік каля вёскі Багрынава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Уключае гарадзішча, замчышча і курганны могільнік.

== Гарадзішча ==
Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі. Часткова знішчана кар’ерам. Памеры захаванай часткі — 20 × 8 м. Культурны пласт дасягае 0,5—0,7 м.
Даследавалі Еўдакім Раманаў (1893), Аляксандр Каваленя (1930), Вольга Ляўко (1990). Знойдзены рэшткі ляпной і ганчарнай керамікі. У раскопе плошчай 52 м² прасочваецца канструкцыя валоў, якія моцна аплылі і па краях пляцоўкі амаль непрыкметныя.
У профілі валоў прасочваюцца драўляныя канструкцыі ў выглядзе кратаў з трыма ярусамі абпаленых бярвёнаў дыяметрам 10—12 см. Праслойкі з бярвёнамі размешчаны на глыбіні да 0,5 м адна пад адной. Ніжняя праслойка знаходзіцца на адлегласці 1,8 м ад дзённай паверхні. Ляпная кераміка і збудаванне вала адносяцца да VI—VIII стагоддзяў, ляпная кераміка датуецца XVI—XVII стагоддзямі.
Па дадзеных матэрыялаў, на месцы гарадзішча ў жалезным веку ў сярэдневякоўі ўзнікла сядзіба

== Замчышча ==
Размешчана на ўсход ад гарадзішча, на высокім мысе. З поўначы і ўсходу да яго прымыкае кар’ер, з поўдзеня і захада абмежавана ярамі са стромкімі схіламі. На ўсходнім схіле тэраса шырынёй 4 м і роў глыбінёй да 5 м, шырынёй 5—7 м. З боку ракі Іржэўкі мае вышыню 15—18 м.
У 1990 годзе даследавала В. М. Ляўко. Пляцоўка памерамі 40 × 23 м з паўночнага боку пашкоджана вялікай ямай. У двух раскопках агульнай плошчай 40 м² культурны пласт 1,2—1,5 м складаецца з верхняга і ніжняга гарызонтаў. Былі знойдзены ганчарная кераміка XIV—XVII стагоддзяў, кафля XVII стагоддзя, цэгла-пальчатка, абпаленыя камяні.
Рэшткі пабудоў з дрэва і цэглы прасочаны ў шурфе па-за межамі замчышча, дзе выяўлены цэгла-пальчатка і гзымсавая кафля з выявай арла.

== Курганны могільнік ==

Знаходзіцца абапал дарогі на Варанцэвічы. Захаваліся 6 насыпаў (раней было 12) вышынёй 1,5—2 м, дыяметрам 10—12 м. Даследавалі Л. В. Аляксееў (1959), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ш. I. Бекцінееў (1981). У 1967 годзе 3. М. Сяргеева раскапала 4 курганы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце. Знойдзены бранзалетападобныя скроневыя кольцы з пазалочанымі шклянымі і сердалікавымі прызматычнымі пацеркамі.
У 1969 годзе даследаваны яшчэ 2 насыпы. У адным выяўлены мужчынскае і жаночае пахаванні галавою на захад, знойдзены 6 скроневых кольцаў з сярэбранага дроту, 4 арабскія дырхемы дынастыі Саманідаў з адтулінамі для падвешвання, пацеркі, бронзавы пласціністы пярсцёнак, жалезны нож з рэшткамі драўляных тронкаў, віты сярэбраны бранзалет з завязанымі канцамі, жалезны абруч і дужка ад драўлянага вядра, білонавая падковападобная фібула, баявая сякера, невялікі бронзавы пласціністы бранзалет з канцамі ў выглядзе звярыных галовак, 2 пасудзіны. У другім кургане выяўлены тры пахаванні: у насыпе, на мацерыку, на пясчанай падсыпцы.
Могільнік датуецца ХІ стагоддзем, належаў крывічам.

== Літаратура ==
Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2. — С. 80.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 412.

Катэгорыя : Археалогія / Курганы
Шыфр : 213В000757
Датаванне :
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Багрынава_(археалагічны_помнік)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты