Берасцейскае гарадзішча — помнік археалогіі ў Брэсце, размешчаны на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Гарадзішча датуецца XI—XIII стагоддзямі. На аснове выяўленай забудовы на тэрыторыі старажытнага Берасця створаны археалагічны музей «Берасце».
== Апісанне ==
У час будаўніцтва крэпасці рэльеф мясцовасці зменены, зніклі прыкметы, характэрныя для гарадзішчаў старажытнарускіх гарадоў. Таму пытанне аб месцы размяшчэння старажытнага Бярэсця доўгі час было нявырашаным. Выявіў у 1969 г. і даследаваў на працягу 1969—1981 гг. П. Ф. Лысенка. Раскопкамі 1969—1970 гг. пацверджана меркаванне, што дзядзінец старажытнага Бярэсця знаходзіўся на мысе, утвораным правым берагам Заходняга Буга і левым берагам левага прытока Мухаўца. Шурфы і раскопы, закладзеныя каля падножжа гарадзішча і на паверхні пяцівугольнага бастыёна, выявілі культурны пласт (да 7 м) старажытнага горада. Трохвугольная форма гарадзішча, рэшткі абарончага рова з боку поля, археалагічныя знаходкі сведчаць аб тым, што дзядзінец знаходзіўся менавіта на мысе і яго рэшткі пры будаўніцтве крэпасці былі выкарыстаны як падножжа бастыёна. Культурны пласт дзядзінца мае высокую вільготнасць і добра захаваў рэчы арганічнага і неарганічнага паходжання. Пры раскопках выяўлены рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў, насцілы ў дварах, парканы. На плошчы раскопу (26×54 м) ускрыты 3 паралельныя вуліцы, накіраваныя з усходу на захад; вулічны насціл з тоўстых колатых д