
Будынак былога яўрэйскага рамеснага вучылішча — будынак у Магілёве, размешчаны на рагу вуліц Вароўскага і Пляханава, 11/23. Помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў 1903 годзе з цэглы. Цяпер адзін з будынкаў Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
== Архітэктура ==
Будынак двухпавярховы, прамавугольны ў плане, на высокім цокалі, неатынкаваны. Фасады вылучаны па вул. Вароўскага рызалітамі, завершанымі ступеньчатымі атыкамі, і ўвенчаны карнізам з сухарыкамі. Уваход з боку дваровага фасада. Першы паверх вулічных фасадаў дэкарыраваны рустам. Вокны першага паверха прамавугольныя з ліштвамі, другога — паўцыркульныя, маюць арачныя абрамленні з замковым каменем. У прасценках — дэкаратыўныя ўстаўкі з цэглы.
== Мемарыяльная дошка ==
У 1968 годзе на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці аднаго з 26 бакінскіх камісараў М. В. Басіна, які скончыў гэта вучылішча ў 1909 годзе.
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.