Шыфр : 313Г000535
Датаванне : 1900
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_былога_жылога_дома_(Нароўля)

Будынак былога жылога дома — будынак у г. Нароўля Гомельскай вобласці, пабудаваны ў 1912 г. для двараніна Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), адміністратара маёнтка Нароўля Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935). Размешчаны па вуліцы Кастрычніцкай, 12. Прыклад драўлянага дойлідства ў стылі мадэрн. Цяпер у будынку знаходзіцца нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей.

== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1912 г. з дрэва для двараніна-каталіка Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), адміністратара маёнтка Нароўля Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935). Бацька Юзафа Андрэй Ліневіч (1814—1876) таксама быў у свой час адміністратарам маёнтка Нароўля паноў Горватаў і пахаваны ў Нароўлі, на тэрыторыі нараўлянскага парку. Унукам Андрэя Ліневіча быў Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959), глаўурач нараўлянскай бальніцы ў 1921—1936 гг., партызан-медык, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі і трох баявых медалёў, заслужаны ўрач БССР.
У савецкі час тут размяшчаліся па чарзе мясцовы райкам кампартыі; райвыканкам; раённая бальніца (з 1920 г. — на 10 ложкаў), дзе працаваў урачом у тым ліку Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959); раённы Дом піянераў і школьнікаў (да 1991 г.).
У 1982 г. па ініцыятыве аддзела ідэалогіі Нараўлянскага РК КПБ у Доме піянераў і школьнікаў пачалі ствараць мясцовы музей краязнаўства. У лістападзе 1982 г. музей быў урачыста адкрыты. Ён дзейнічаў на грамадскіх пачатках пры Доме піянераў і школьнікаў. У 1991 г. Дом піянераў і школьнікаў перавялі ў іншае месца, а будынак перадалі на баланс Нараўлянскага раённага аддзела культуры. 1 студзеня 1992 г. рашэннем выканкама Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў у доме быў адкрыты Нараўлянскі цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў, які дзейнічае ў былым будынку Ліневіча дагэтуль пад новай назвай «Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей». У 1992—1995 гг. у будынку праводзіліся ўнутраная рэканструкцыя і рамонт фасада, а тэрыторыя навокал была добраўпарадкавана.

== Архітэктура ==

Аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам. Пастаўлены на высокім цагляным цокалі. Над галоўным уваходам — балкон на 4 слупах. 3 боку дваровага фасада была прыбудавана галерэя (не збераглася). Фасады дома аздоблены дэкаратыўнай шалёўкай. Прамавугольныя аконныя праёмы ў ліштвах. Па перыметры будынка праходзіць разны карніз. Фрыз і гарызантальныя цягі таксама ўпрыгожаны разьбой. Вуглы зруба ашаляваны стылізаванымі пілястрамі з базамі і капітэлямі. Па-мастацку дэкарыраваны і бляшаныя вадасцёкі. Планіроўка калідорная.
У цяперашнія часы драўляны будынак шмат разоў быў пафарбаваны. У вокнах і дзверах пастаўлены сучасныя пласцікавыя шклапакеты.

== Мемарыяльная шыльда ==
Злева на фасадзе будынка была размешчана мемарыяльная шыльда з імем Казіміра Францавіча Градзіцкага (1891—1959), галоўурача нараўлянскай бальніцы ў 1921—1936 гг.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
А. М. Кулагін. 1366. Жылы дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.
Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П.П. Рабянок, К.Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
Якаўлеў, Л. Што пакінем пасля сябе? / Л. Якаўлеў // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.

Шыфр : 313Г000535
Датаванне : 1900
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_былога_жылога_дома_(Нароўля)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты