Тып : будынак
Шыфр : 713Г000130
Датаванне : 1937
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_былой_Мінскай_партыйнай_школы

Будынак былой Мінскай партыйнай школы — будынак у Мінску, размешчаны па вуліцы Карла Маркса, 31. У наш час у будынку размяшчаюцца эканамічны і філалагічны факультэты БДУ.

== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1937 годзе з цэглы паводле праекта архітэктара А. П. Воінава. У будынку ў 1937—1941 гадах размяшчалася Вышэйшая камуністычная сельскагаспадарчая школа Беларусі імя У. І. Леніна і Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава.
У час нямецкай акупацыі ў будынку размяшчаліся фельдкамендатура і мінскае ўпраўленне абвера пад прыкрыццём службы сувязі. Будынак разбураны ў выніку савецкага авіяналёту 2 мая 1943 года.
У 1947 годзе адноўлены паводле праекта аўтара. У 1949 годзе з паўночнага боку вучэбна-адміністрацыйнага корпуса на адной восі з левым рызалітам прыбудавана актавая зала са службовымі памяшканнямі. Пасля вайны ў 1946 годзе тут працавала Рэспубліканская партыйная школа пры ЦК КПБ, ператвораная ў 1956 годзе ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1978 годзе да дваровага фасада прыбудаваны новы корпус, злучаны з асноўным пераходам-галерэяй (архітэктар А. Канстанціновіч).

== Архітэктура ==

Пяціпавярховы складанай у плане канфігурацыі будынак вызначаецца строгасцю форм і прастатой архітэктурна-мастацкага вырашэння. Пастаўлены з водступам ад «чырвонай лініі» забудовы вуліцы. Галоўны пяціпавярховы аб’ём, фланкіраваны 2 невялікімі чатырохпавярховымі рызалітамі, завершаны атыкам. Уваход вырашаны ў выглядзе 4 згрупаваных парталаў. 2- і 4-ы паверхі цэнтральнай часткі аб’яднаны здвоенымі паўкалонамі без капітэлей і баз. Рытму цэнтральнай часткі адпавядаюць лапаткі на плоскасцях рызалітаў. Сцены 1-га паверха апрацаваны рустам.
Унутраная планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем аўдыторый і кабінетаў. 1-ы паверх заняты пераважна вестыбюльнай групай з гардэробам, тут жа знаходзяцца бібліятэка і музей школы. У вестыбюлі сцены раўнамерна расчлянёны канеліраванымі пілястрамі. У аздабленні інтэр’ераў шырока выкарыстана дрэва. У квадратным у плане фае, што злучае актавую залу з вучэбна-адміністрацыйным корпусам, 4 магутныя васьмігранныя калоны падтрымліваюць кесаніраваную столь з невялікай паўсферай у цэнтры. Над уваходнымі праёмамі фае навісаюць дэкаратыўныя сандрыкі на фігурных кранштэйнах. У прасценках актавай залы, асветленай з 2 бакоў высокімі прамавугольнымі вокнамі, пастаўлены трохчвэртныя калоны на высокіх базах, што нясуць буйны антаблемент.

== Мемарыяльныя дошкі ==
На будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза, аднаму з арганізатараў партызанскага руху І. Кожару, які больш за 15 гадоў працаваў дырэктарам Вышэйшай партыйнай школы.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
М. Б. Батвіннік, А. Л. Міцянін. 209. Будынак Мінскай вышэйшай партыйнай школы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Воинов А. А. История архитектуры Белоруссии (советский период).— Мн.. 1975.

Тып : будынак
Шыфр : 713Г000130
Датаванне : 1937
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_былой_Мінскай_партыйнай_школы
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.