
Будынак былой земскай управы — будынак у г. Мсціслаў, размешчаны па адрасе вул. Леніна, 28. Помнік архітэктуры неакласіцызму. Узведзены ў канцы XIX — пачатку XX ст. з цэглы. Цяпер у будынку размешчана навучальная ўстанова.
== Архітэктура ==
Двухпавярховы П-падобны ў плане будынак з высокім паўпадвалам, двухсхільным вальмавым дахам. Бакавы вугал зрэзаны і завершаны шчытападобным атыкам. Фасады падзеленыя карнізам на два паверхі, расчлянёныя лапаткамі, аконнымі праёмамі — высокімі прамавугольнымі на першым паверсе і лучковага абрысу з складанымі ліштвамі на другім. Сцены завершаныя развітым карнізам з сухарыкамі. На другім паверсе балконы з чыгуннымі агароджамі. Калідорная сістэма планіроўкі.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.