Тып : будынак
Шыфр : 713Г000275
Архітэктурны стыль : неарэнесанс
Датаванне : 1890
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_гарадскога_тэатра_(Мінск)

Будынак гарадскога тэатра — будынак, які быў пабудаваны па праекце архітэктараў Караля Казлоўскага і Канстанціна Увядзенскага для мінскага гарадскога тэатра. Цяпер у ім змяшчаецца Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

== Гісторыя ==

=== Будаўніцтва ===

Урачыстая закладка адбылася 26 чэрвеня 1888 года (па ст. ст.). Вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч(руск.) бел. і Вялікая княгіня Марыя Паўлаўна(руск.) бел., як адзначыў гісторык А. Смародскі, кінулі на месца падмурка некалькі залатых манет і паклалі на іх па цагліне. Протаіерэй Петрапаўласкай царквы Смоліч адслужыў малебен(руск.) бел.. Будаўніцтва вялося паводле праекту арх. К. Казлоўскага пад кіраўніцтвам інжынераў К. Увядзенскага і В. Мандражы, тэхналагічнае аснашчэнне сцэны — С. Цыранкевіча, работамі па апрацоўцы інтэр’ераў кіраваў архітэктар В. Маас. Губернскі тэатр адкрыўся 5 чэрвеня 1890 года.

=== Будынак да Вялікай Айчыннай вайны ===
У будынку тэатра адбыліся І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту 7—17(20—30) красавіка 1917 г., І з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў 20—23.4(3—6.5).1917 г., II з’езд армій Заходняга фронту 20—25.11(3—8.12).1917 г., І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў 2—3.2.1919 г., на якім была прынятая 1-я Канстытуцыя БССР.

=== Паваенная рэканструкцыя ===

У 1949 г. рэканструкцыя інтэр’ераў выкананая паводле праекту архітэктара Г. Заборскага. У 1956—58 гг. будынак тэатра быў рэканструяваны (арх. А. Духан) з унясеннем значных змен. На галоўным фасадзе надбудаваныя бакавыя крылы да другога паверху, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў.

=== Рэканструкцыя 2010 года ===

Летам 2010 года пачалася рэканструкцыя будынка Купалаўскага тэатра. Увесь гэты час спектаклі ішлі на чужых пляцоўках. Зноў для гледачоў тэатр адкрыўся 29 сакавіка 2013 года. У выніку будынак змяніўся звонку і ўнутры. Пасля рамонту Купалаўскі тэатр атрымаў першапачатковы выгляд: зрабіўся такім, якім яго некалі спраектаваў і пабудаваў архітэктар Караль Казлоўскі.

== Архітэктура ==

Знаходзіцца на плошчы, якая сфармавалася перад будынкам, на рагу вуліц К. Маркса і Энгельса (колішніх вуліц Падгорнай і Петрапаўлаўскай), да дваровага фасаду прылягае Аляксандраўскі сад.
Архітэктурную стылістыку будынка можна вызначыць як стылізацыю ў стылі барока. Галоўны фасад мае цэнтральна-восевую кампазіцыю, аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над вокнамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, якія ствараюць рытм аркатурнага фрыза. Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы.
Цэнтральная частка вылучана двухпавярховым рызалітам (у ім размяшчалася фае), які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі аднапавярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, трох’ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр(руск.) бел., ложы, бельэтаж і балкон; разлічаная на 550 месцаў, яна магла трансфармавацца ў залу (даўжыня 24,5 м) для баляў(руск.) бел.. Тэатр мае развітую сцэнічную частку, артыстычныя пакоі на двух паверхах, вестыбюльную групу памяшканняў.
Плафон глядзельнай залы быў упрыгожаны размалёўкамі (арх. В. Маас) з партрэтамі А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Глінкі, А. М. Астроўскага. Размалёўка інтэр’ераў тэатра зробленая мастакамі імператарскай Акадэміі мастацтва Ю. Рэйнбергам і Р. Венігам, мастакамі-дэкаратарамі В. Біцілевым, С. Лебядзінскім, К. Ульрыхам. На партале сцэны знаходзіўся ляпны герб Мінскай губерні. Тэатр адкрыўся 5 (17) чэрвеня 1890 года.

== Цікавыя факты ==
З будынкам тэатра звязана легенда, згодна якой прыбіральня, што знаходзіцца каля тэатра (працуе па сённяшні дзень) з’яўляецца копіяй асабняка, гаспадар якога не разлічыўся з архітэктарам.

== Мемарыяльныя дошкі ==

Мемарыяльная дошка ў гонар з’езда армій Заходняга фронту ўстаноўлена на будынку тэатра, дзе адбыўся з’езд, у 1967 годзе. З’езд адбыўся 20 лістапада (3 снежня) — 25 лістапада (8 снежня) 1917 года. У з’ездзе прынялі ўдзел 714 дэлегатаў, з іх 473 бальшавікі. Ганаровым старшынёй быў выбраны У. І. Ленін. У рабоце з’езда ўдзельнічалі прадстаўнікі ад ЦК РСДРП(б) і Петраградскага ВРК Р. К. Арджанікідзэ і В. Валадарскі. З’езд заявіў аб прызнаны II Усерасійскага з’езда Саветаў і выбранага ім СНК. На прапанове бальшавіцкай фракцыі галоўнакамандуючым Заходняга фронту большасцю ў 524 галасы дэлегаты выбралі А. Ф. Мяснікова. З’езд выбраў таксама Франтавы камітэт, у які ўвайшлі 80 бальшавікоў, 10 левых эсэраў, 4 меншавікі і 6 правых эсэраў і ў склад ВЦВК з’езд выбраў 20 чалавек, з іх 18 бальшавікоў.

Мемарыяльная дошка ў гонар Першага Усебеларускага з’езда Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў устаноўлена на будынку тэатра, дзе адбыўся з’езд, у 1947 годзе. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў быў скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. 230 дэлегатаў з рашаючым голасам ад Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віленскай і Смаленскай губерняў. Па даручэнню ЦК РКП(б) і УЦВК у рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я. М. Свярдлоў. З’езд адбыўся 2—3 лютага 1919 года. На ім была прынятая Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, якая заканадаўча замацавала перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі, асноўныя пытанні грамадскага і дзяржаўнага ладу, правы і свабоды грамадзян. У адпаведнасці з Канстытуцыяй найвышэйшая ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК БССР, які выбіраўся з’ездам Саветаў. З’езд адзначыў неабходнасць умацавання Чырвонай Арміі, гаспадарчых і палітычных сувязей паміж савецкімі рэспублікамі. Абвясціў зямлю адзіным дзяржаўным фондам, паставіў задачу пераходу да калектыўных форм землекарыстання. З’езд выбраў ЦВК БССР у складзе 50 чалавек (з іх 45 бальшавікоў).

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Тып : будынак
Шыфр : 713Г000275
Архітэктурны стыль : неарэнесанс
Датаванне : 1890
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_гарадскога_тэатра_(Мінск)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты