Будынак гарадской управы – помнік архітэктуры эклектыкі. Знаходзіцца па вуліцы вул. Ленінскай, 1 у Магілёве.
== Гісторыя ==
Узведзены ў другой палове XIX стагоддзя ў гістарычным цэнтры гораду, мае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага.
15(28).12.1917 г. у будынку гарадской управы адбыўся II губернскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх
З 1956 г. у будынку знаходзіўся Дом культуры будтрэсту № 12. Цяпер у будынку Палац грамадзянскіх абрадаў.
У 1957 годзе на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар II губернскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
== Архітэктура ==
Мураваны будынак складаецца са злучаных двух прамавугольных у плане аб’ёмаў: трохпавярховага (галоўным фасадам выходзіць на Савецкую плошчу) і двухпавярховага (бакавым падоўжаным фасадам выходзіць на вул. Ленінскую). Галоўны тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на тры ярусы. Першы ярус больш масіўны, з чатырма руставанымі пілонамі, мае невялікія. спараныя арачныя вокны абапал параднага ўваходу. Другі ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі — высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі. Трэці ярус рытмічна расчлянёны невялікімі прамавугольнымі вокнамі, згрупаванымі па тры. Сцены завершаныя высокім складаным па форме прафіляваным карнізам. Бакавы двухпавярховы аб’ём рытмічна расчлянёны прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі, падзелены карнізным поясам на дзве часткі. Планіроўка анфіладная (у трохпавярховай тарцовай частцы) і калідорная (у двухпавярховай частцы).
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Магілёўскай гарадской управы будынак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 453.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.