
Будынак гасцініцы «Лівадзія» — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 22. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
== Гісторыя ==
У XVIII — першай палове XIX стагоддзяў на гэтым пляцы знаходзіліся будынкі мінскага кляштара бенедыкцінцаў, заснаванага ў 1700 годзе. У 1832 годзе кляштар бенедыкцінцаў быў зачынены, а яго маёмасць перададзена гарадскім уладам. Доўгі час будынкі былога кляштара выкарыстоўваліся як складскія памяшканні.
Да сярэдзіны XIX стагоддзя ўсе пабудовы былога кляштара бенедыкцінцаў былі разбураны, а яго тэрыторыя паступова забудавана жылымі дамамі. Гэтыя будынкі былі знішчаны падчас вялікага пажару 1881 года. У 1888 годзе мінскі мешчанін Берка Футэр пабудаваў на месцы страчанай драўлянай забудовы першай паловы XIX стагоддзя мураваны аднапавярховы жылы дом, які сваім галоўным фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу, а таксама мураваны флігель і комплекс гаспадарчых пабудоў. У 1893 годзе ў гэтага дома быў дабудаваны другі паверх.
Жылы двухпавярховы дом, які выходзіў фасадам на Койданаўскую вуліцу, быў прамавугольны ў плане і накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Галоўны фасад яго быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха прамавугольныя без ліштваў мелі драўляныя аканіцы. Другі паверх, які меў лучковыя аконныя праёмы з сандрыкамі, быў багата аздоблены дэкаратыўнымі ляпнымі элементамі. Пад вокнамі былі нішы з філёнгамі. Балконныя дзверы фланкіравалі круглыя калонкі. У паўднёва-заходняй частцы будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі.
Паводле інвентарызацыі 1910 года, тут знаходзілася гасцініца «Лівадзія», а астатнія памяшканні будынка выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы і лаўкі.
У 1920 годзе ў гатэлі «Лівадзія» спыняўся вядомы савецкі кінарэжысёр С. М. Эйзенштэйн. Захаваўся ліст, які ён пісаў сваёй маці з нумара гатэля:
Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны, а яго асноўныя памяшканні перароблены пад камунальныя кватэры.
У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў. У выніку пасляваенных рамонтаў быў у значнай ступені страчаны дэкор фасадаў, а таксама металічныя краты балконаў. Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё.
== Архітэктура ==
Двухпавярховая прамавугольная ў плане пабудова накрыта двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю, расчлянёны карнізам. Плоскасць сцяны 1-га паверха прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі без ліштваў. На 2-м паверсе вокны лучковыя, дэкарыраваны падаконнымі плітамі і лучковымі сандрыкамі, сіметрычна размешчаны 2 невялікія балконы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.