Будынак былой мужчынскай гімназіі — будынак у Магілёве, помнік архітэктуры класіцызму. Узведзены ў 1809 г. на цэнтральнай вуліцы горада Ветранай (сучасная вул. Ленінская, 41). Цяпер у ім размешчаная сярэдняя школа № 3. Помнік рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак, да прамавугольнага асноўнага аб’ёму з боку дваровага фасада прылягае кароткае крыло. Галоўны фасад вылучаны трыма несапраўднымі рызалітамі (цэнтральны з уваходам і два бакавыя), пакрыты рустам. Паверхі аддзеленыя карнізным паяском. Сцены рытмічна расчлянёныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, завершаны тонкапрафіляваным карнізам. У аснову планіроўкі пакладзена калідорная сістэма: вакол цэнтральнага калідора з 2 бакоў размешчаны класныя памяшканні. У XIX ст. будынак быў пашкоджаны пажарам, неаднаразова перабудоўваўся.
== Мемарыяльная дошка ==
Мемарыяльная дошка Панцеляймону Мікалаевічу Лепяшынскаму і Ота Юльевічу Шміту. Устаноўлена ў 1967 г. на ўшанаванне памяці прафесійнага рэвалюцыянера, паплечніка У. Леніна П. М. Лепяшынскага і савецкага вучонага матэматыка, астранома, геафізіка, даследчыка савецкай Арктыкі, Героя Савецкага Саюза, акадэміка Акадэміі навук СССР і УССР О. Ю. Шміта, якія вучыліся ў Магілёўскай гімназіі.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.