
Будынак па вуліцы Рудовіча, 10 з’яўляецца часткай комплекса будынкаў Мар’інскай сельскагаспадарчай школы. Размешчаны на захад ад цэнтральнага корпуса комплекса. Пабудаваны ў канцы 1870-х – пачатку 1880-х гадоў. Сягоння выкарыстоўваецца як жылы. Галоўныя будынкі комплексу (Рудовіча, 8, 10) фарміруюць парадны фронт забудовы і замыкаюць візуальную вось вуліцы, што ідзе ад чыгункі, якая служыла галоўным транспартным сродкам у свой час.
Архітэктура
Выкананы ў адзіным архітэктурным рашэнні з галоўным корпусам.
Корпус накрыты двухсхільным дахам з вялікім вынасам. Навісі падтрымліваюць выпускі крокваў і дэкаратыўныя кансолі, аформленыя разьбой. Фасады маюць сіметрычную кампазіцыю. Падоўжаныя фасады члянёныя аконнымі праёмамі (на 8 восяў). Вуглы будынка і цэнтральная частка падоўжаных фасадаў, акцэнтаваных франтонам, аформлены лапаткамі з прамавугольнымі фаскамі. На франтоне нішы, утвораныя лапаткамі, аформлены ступеніста.
Вокны прамавугольныя, аформленыя ліштвамі і падаконнямі. Падаконні простыя, ніжняя частка з бакавымі зубцамі, які імітуюць кансолі. Ліштвы ў ніжняй частцы маюць пашырэнні, у верхняй – вынесены наперад. Над ліштвамі першага паверха размешчаны прафіляваныя сандрыкі.
У франтоне акенца ў ліштве. Вуглы ліштвы апрацаваны прамавугольнымі фаскамі, што надае ім выгляд калонак, ніжняя частка ліштвы, аддзеленая прамавугольнай цягай, аформлена 2-ма зубцамі.
Тарцы глухія, толькі ў франтоне тры акенцы рознага памеру (цэнтральнае вышэй за бакавыя) ў агульнай ліштве, аналагічнай тым, што маюць акенцы на франтонах працяглых фасадаў. Абапал іх паўкруглыя праёмы без ліштваў з жалюзійным запаўненнем.
Адзіны ўваход у будынак з дваровага фасада размешчаны асіметрычна – па левым флангу. Дзвярны праём аформлены алагічна аконным праёмам. Захаваліся філянговыя дзверы і вокны з аўтэнтычнымі аканіцамі. Пад навісямі двухсхільнага даху нішы, утвораныя лапаткамі, аформлены ступеніста.
Унутры аўтэнтычная драўляная лесвіца. Лесвічная агароджа складаецца з тэлескапічных слупоў-тумбаў, аформленых прафіляванымі паяскамі, прафіляваных парэнчаў і тонкіх балясаў (захаваліся часткова). Край падступёнкаў мае s-падобную форму. Маршы знізу падшыты і аздоблены філёнгамі.
(архітэктурнае апісанне склаў арх. У. В. Чаховіч)