Шыфр : 512Е000001
Датаванне : 1864
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынкі_гарадской_бальніцы_(Магілёў)

Будынкі гарадской бальніцы — будынкі ў Магілёве, размешчаныя па адрасе вул. Боткіна, 2.

== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1802 г. як бальніца грамадскай апекі. Спачатку быў драўляны будынак, у 1861 г. зроблены яшчэ 2 двухпавярховыя мураваныя карпусы (цяпер — хірургічны і радзільны). У 1912 г. пабудаваны корпус інфекцыйнага аддзялення (цяпер — тэрапеўтычнае); было 150 ложкаў, працавалі 4 урачы, 4 медсястры, 2 акушэркі, 4 фельчары. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі бальніца расшырана, укамплектавана кваліфікаванымі кадрамі, аснашчана неабходнай апаратурай. У 1940 г. — 561 ложак, 470 чалавек медыцынскага і абслуговага персаналу. Нямецка-фашысцкія акупанты разбурылі і разрабавалі бальніцу. Адноўлена ў 1945 г.
У пасляваенны час створаны новыя будынкі. Цяпер гэта буйная шматпрофільная лячэбна-прафілактычная ўстанова. 3 1973 г.— бальніца хуткай дапамогі.

== Архітэктура ==

Тры мураваныя карпусы сіметрычна размешчаны вакол азялененага курданёра. 2 бакавыя трохпавярховыя Е-падобныя ў плане будынкі галоўнымі прадаўгаватымі фасадамі арыентаваны на лінію забудовы вуліцы. Па цэнтры іх — неглыбокія рызаліты з галоўнымі ўваходамі. Вокны прамавугольныя з ліштвамі, прасценкі рызалітаў руставаныя.

Двухпавярховы П-падобны ў плане корпус галоўным прадаўгаватым фасадам арыентаваны на курданёр, сцены яго фасадаў прарэзаны прамавугольнымі вокнамі. Паміж трохпавярховымі будынкамі размешчаны двухпавярховы прамавугольны ў плане адміністрацыйны корпус.

== Мемарыяльныя дошкі ==

=== Мемарыяльная дошка ваенурачам ===
Мемарыяльная дошка ваенурачам устаноўлена ў 1966 г. па адміністрацыйным корпусе бальніцы. У ліпепі 1941 г. у бальніцы размяшчаўся шпіталь 172-й стралковай дывізіі, якая абараняла Магілёў. Калі гітлераўцы захапілі горад, увесь медыцынскі персанал шпіталя на чале са старшым урачом 388-га стралковага палка начальнікам шпіталя У. П. Кузняцовым застаўся з параненымі. За адну ноч У. П. Кузняцоў разам з урачамі Ф. I. Пашаніным і А. I. Паршыным знішчылі гісторыі хвароб камандзіраў, палітработнікаў, камуністаў, камсамольцаў (у шпіталі было каля 5 тыс. параненых), выпісалі новыя як на беспартыйных, радавых і жыхароў, што пацярпелі ад бамбёжак. Урачы пераправілі больш за тысячу воінаў, якія вылечыліся, да партызан. Правакатар выдаў патрыётаў гітлераўцам. Пасля жорсткіх катаванняў У. П. Кузняцоў, Ф. I. Пашанін і А. І. Паршын 17 лістапада 1941 г. былі павешаны па Савецкай плошчы.

=== Мемарыяльная дошка падпольшчыкам ===
Мемарыяльная дошка падпольшчыкам устаноўлена ў 1976 г. на адміністрацыйным корпусе бальніцы.
У снежні 1941 г. урач М. П. Куўшынаў стварыў у бальніцы падпольную антыфашысцкую арганізацыю. У яе ўваходзілі ўрачы С. В. Мармулеўскі. К. А. Влагіна, С. П. Мельнік, муж і жонка Свірагіны, загадчыца кухні А. Пятрова, работніца кухні Е. Лемяшкова і інш. Падпольшчыкі аказвалі медыцынскую дапамогу байцам Чырвонай Арміі, якія не змаглі вырвацца з акружэння і засталіся ў горадзе, перапраўлялі іх у партызанскія атрады. М. П. Куўшынаў вёў разведвальную работу, выдаваў патрыётам фіктыўныя даведкі, каб выратаваць іх ад вывазу ў Германію, садзейнічаў адпраўцы ўрачоў да партызан, забяспечваў партызан медыкаментамі, быў адным з арганізатараў і членам Камітэта садзеяння Чырвонай Арміі. У маі 1943 г. члены групы арыштаваны і закатаваны ў гестапа. М. П. Куўшынаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

== Літаратура ==
19. Будынкі гарадской бальніцы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.

Шыфр : 512Е000001
Датаванне : 1864
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынкі_гарадской_бальніцы_(Магілёў)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты