Бе́здзеж (трансліт.: Biezdziež, руск.: Бездеж) — аграгарадок у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Бездзежскага сельсавета. Знаходзіцца ў балоцістай мясцовасці непадалёку ад Спораўскага возера. Паштовы індэкс — 225848.
== Геалогія ==
За 0,3 км на захад ад вёскі знаходзіцца Бездзежскае радовішча мелу. Паклад у выглядзе адорвеня звязаны з марэннымі адкладамі дняпроўскага зледзянення.
== Гісторыя ==
Першы пісьмовы ўспамін пра Бездзеж датуецца 1409 годам. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мястэчка ўвайшло ў склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. 8 верасня 1771 года прыхільнікі Барскай канфедэрацыі пад камандай гетмана вялікага Міхала Казіміра Агінскага ў бітве пад Бездзежам прымусілі невялікі расійскі атрад скласці зброю.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Бездзеж апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, Слонімскай губерні (з 1797 года ў Літоўскай, з 1801 года ў Гродзенскай губерні).
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Бездзеж апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства.
У 1939 годзе Бездзеж увайшоў у БССР. У 1940 годзе статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавета Драгічынскага раёна.
17 студзеня 1999 года ў вёсцы быў адкрыты Бездежскі музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок». Пры доме культуры дзейнічае ансамбль народнай песні і музыкі «Сваякі».
Даўнія графічныя выявы мястэчка
== Насельніцтва ==
XIX стагоддзе: 1830 — 176 муж., з іх шляхты 6, духоўнага саслоўя 1, мяшчан-хрысціян і сялян 169
== Славутасці ==
Калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая (XVIII ст.)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (XIX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000185
Царква Прасвятой Тройцы (1784) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000186
Царква ў гонар Раства Хрыстова (XXI ст)
Геадэзічная дуга Струвэ: пункт «Бездзеж», за 1,8 км ад цэнтра вёскі — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 110Д000001
Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок»
== Вядомыя асобы ==
Іван Пятровіч Пратасевіч (1940—1990) — беларускі ўрач-анатом. Доктар медыцынскіх навук (1985), прафесар (1985).
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
Bezdzież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 163.