
Царква Роўнаапостальных Канстанціна і Алены — праваслаўны храм у г. Валожын (Валожынскі раён). Размешчана ў цэнтры горада па вул. Савецкай. Помнік народнага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1866 г. здрэва.
== Архітэктура ==
Царква ўяўляе сабой крыжападобны ў плане храм з двух’яруснай чацверыковай шатровай званіцай з франтальнага фасада. Над сяродкрыжжам узвышаецца двух’ярусны васьмігранны барабан, завершаны, як і званіца, шатром з макаўкай. На гарызантальна ашаляваных сценах блакітнай афарбоўкі вылучаюцца пабеленыя ліштвы высокіх арачных аконных праёмаў.
Малітоўная зала перакрыта васьмігранным самкнутым скляпеннем на ветразях, у яе прастору шырокімі прасветамі адкрываюцца бакавыя прыдзелы, апсіда і бабінец.
У 1990-я гг. злева ад храма пастаўлена драўляная капліца — прамавугольны ў плане будынак пад двухсхільным дахам з купалам па цэнтры.
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.