Шыфр : 513Г000477
Архітэктурны стыль : мадэрн
Датаванне : 1905
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Царква_Святога_Дзмітрыя_Растоўскага_(Выдранка)

Царква Святога Дзмітрыя Растоўскага — праваслаўны храм у в. Выдранка, Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. У цэнтры вёскі.

== Гісторыя ==

Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя з дрэва.
У 2007 годзе занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

== Архітэктура ==
Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю мадэрн. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынку дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі галоўкамі васьміграннага барабана асноўнага аб’ёму і двух’яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Стракатасць агульнай кампазіцыі ўзбагачаюць рознавялікія дзвюхгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах з разнымі падаконнікамі і прафіляванымі сандрыкамі з замковым каменем (імітацыя элементаў мураванай архітэктуры). Галоўны і два бакавыя ўваходы вылучаныя бочкападобнымі пакрыццямі на фігурных разных слупах, умацаваныя бэлечнымі перавязкамі, дэкарыраваныя авальнымі медальёнамі з абразамі.

=== Інтэр’ер ===
У інтэр’еры дамінуе прастора сяродкрыжжа, перакрытая шатровым скляпеннем на ветразях, пакрытых выявамі евангелістаў, і асветленая верхнімі вокнамі барабану. Бакавыя прытворы, бабінец і апсіда адкрываюцца шырокімі прасветамі. Дзве галерэі хораў арыгінальна ўбудаваныя ў бакавых прыдзелах, асветленыя парамі арачных акон у шчытах. Апсіда вылучана 3-ярусным іканастасам. Сцены пакрыты арнаментальна-арабескавай размалёўкай.

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 136
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 255
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Шыфр : 513Г000477
Архітэктурны стыль : мадэрн
Датаванне : 1905
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Царква_Святога_Дзмітрыя_Растоўскага_(Выдранка)
Асаблівасці
Reviews
There are no reviews yet, why not be the first?
Leave a Review
You must be to post a review.
Related Listings