
Царква́ Свято́га Дзмі́трыя Салу́нскага — праваслаўны храм у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў ХVIII стагоддзі з дрэва як уніяцкая. У XIX стагоддзі перад царквой пастаўлена двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай.
У савецкія часы царкву зачынілі і размясцілі ў ёй калгасны склад. У 1970-я гады на гарышчы храма знайшлі кавалак рызы XVI стагоддзя.
10 сакавіка 2019 года ў храме адбыўся пажар. Па прыбыцці на месца здарэння пажарнікі выявілі, што з-пад даху ішоў дым, дзверы былі адчыненыя і ўнутры адбывалася гарэнне. Святар, які знаходзіўся на вуліцы, распавёў, што ён прыбыў да храма пасля званка мясцовых жыхароў, трапіць унутр яму перашкодзілі дым і высокая тэмпература. Агнём знішчаны дах плошчай 75 кв.м., пашкоджаны сцены і маёмасць. Прычына пажара — няспраўная электраправодка.
У выніку пажара захавалася 30 % будынка і званіца. Частка вяскоўцаў выступае за аднаўленне царквы. Аднак Беларуская Праваслаўная Царква, якая з’яўляецца ўласнікам храма, лічыць рэстаўрацыю занадта дарагой. Яна плануе ўзвядзенне новай царквы ў іншым месцы.
Раней абмяркоўваўся варыянт знесці царкву і збудаваць на яе месцы новую. Але выключыць будынак са спісу гісторыка-культурных кашоўнасцей немагчыма. Брэсцкая епархія паведаміла, што рэшткі згарэлай царквы закансервуюць.
== Архітэктура ==
Помнік народнага дойлідства. Мае падоўжна-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, сфарміраваную прамавугольным зрубам з трохсценнай апсідай, да якой асіметрычна далучаецца рызніца. Зруб накрыты вальмавым дахам, вільчык якога па цэнтры прарэзаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам і па ўскрайках адзначаны крыжамі. Да галоўнага фасада дабудаваны ніжэйшы працяглы, але больш нізкі прытвор пад двухсхільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
Даўжыня царквы — 19 м, шырыня — 5 м, вышыня — 6 м. Дах — металічны на драўляным лачанні. Пабудова была электрыфікавана.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 258
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.