
Царква Святога Мікалая — праваслаўны храм у вёсцы Верхалессе Кобрынскага рёана Брэсцкай вобласці.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1882—1888 гадах на месцы драўлянага храма, які згарэў 3 красавіка 1881 года. У аснову будынка архітэктар Пётр Залатароў паклаў нармальны чарцёж № 22.
9 жніўня 2020 года ў царкве адбыўся пажар. У выніку былі пашкоджаны дах на плошчы 30 квадратных метраў і купал. Абыйшлося без пацярпелых. Прычына пажару высвятляецца.
== Архітэктура ==
Помнік сінадальнага кірунку рэтраспектыўна-рускага стылю з рысамі класіцызму. Вырашана трохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, складзенай з асноўнага аб’ёму, прамавугольнай апсіды і васьміграннай шатровай званіцы над прытворам. У сілуэце храма пануюць цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане ў цэнтры крыжовага шатровага даху і макаўка званіцы. Вертыкальна ашаляваныя фасады апяразаны карнізам простага профілю з дзвюхграннымі заломамі на бакавых фасадах, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. Тры ўваходы аформлены 2-слуповымі ганкамі пад 2-схільнымі пакрыццямі. Залатаровым быў выкананы і 2-ярусны іканастас у «рускім стылі».
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 254
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.