
Веляміцкая Ільінская царква — праваслаўны храм у вёсцы Велямічы, Столінскага раёна. Пабудавана ў 1881 годзе на месцы царквы 1724 года пабудовы.
== Архітэктура ==
Квадратны ў плане асноўны аб’ём, бабінец і пяцігранная алтарная апсіда з дзвюма невялікімі рызніцамі абапал алтару ўтвараюць трохзрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асноўны аб’ём пры дапамозе парусаў пераходзіць у двух’ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаныя васьміграннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 г. да асноўнага аб’ёму далучаныя бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі. У выніку царква атрымала пяцікупальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю.
Сцены вертыкальна ашаляваныя, умацаваныя лапаткамі, вокны прастакутныя (у апсідзе ў форме крыжа). З боку галоўнага фасаду тры тамбуры ўваходаў у бабінец і бакавыя прыбудовы накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі. Цэнтральнае месца ў інтэр’еры займае галоўны трох’ярусны аб’ём, злучаны шырокімі праёмамі з двух’ярусным бабінцам, апсідай і бакавымі прыбудовамі.
== Значэнне ==
Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока, гістарычна-культурная каштоўнасць 2-й катэгорыі. Царква адлюстравала традыцыі мясцовай школы дойлідства барочнага кірунку канца XVIII ст. — 2-й паловы XIX ст. Царква дзейнічае.
== Рэканструкцыя ==
У 2009 годзе ў выніку рэканструкцыі храма адбылося знішчэнне барокавых купалаў на вежах і каваных чатырохканцовых крыжоў з заменай іх пазалачонымі цыбулепадобнымі купаламі і васьміканцовымі крыжамі.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.