Царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай — праваслаўны храм у вёсцы Вялікія Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя з цэглы і бутавага каменю. У 1882 годзе адрамантавана пасля пашкоджання маланкай. Прастольнае свята 4 лістапада.
== Архітэктура ==
Царква — помнік архітэктуры позняга класіцызму. Асновай прасторавай кампазіцыі з’яўляецца цэнтрычны васьмігранны аб’ём, завершаны сферычным купалам на гранёным барабане. Па падоўжанай восі да асноўнага аб’ёму далучаны прамавугольныя ў плане бабінец і апсіда. Галоўны ўваход вырашаны 4-калонным порцікам. На фоне бутавай муроўкі сцен вылучаюцца атынкаваныя карнізы, ліштвы паўцыркульных акон, руст. У інтэр’еры апсіда вылучана драўляным іканастасам.
== Званіца ==
Аналагічна з царквой вырашана асобна размешчаная званіца: цэнтрычны двух’ярусны аб’ём са сферычным купалам. Архітэктура вежы насычана класічным дэкорам: 1-ы ярус апрацаваны рустам, 2-і крапаваны кароткімі пілястрамі, архівольтамі арачных праёмаў. Ярусы вылучаны магутнымі антаблементамі з паясамі прафіляваных карнізаў і сухарыкаў, фрызам на дэнтыкулах.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004.— 752 с. — стар. 676.
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
А. М. Кулагін. 1292. Мікалаеўская царква // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.