Дом Баграціёна — помнік сядзібнай архітэктуры пачатку XIX стагоддзя. Знаходзіцца на ўскраіне Ваўкавыска (сучасная вул. Баграціёна, 10).
== Гісторыя ==
Па легендзе тут у 1812 годзе месціўся штаб 2-й расійскай арміі, якой камандаваў П. І. Баграціён. Але ж, хутчэй за ўсё, будынак быў пабудаваны пазней — у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
У другой палове XIX ст. — гарадскі шпіталь, потым прытулак для састарэлых; у пачатку XX стагоддзя належаў прыватным уладальнікам.
Часткова разбураны ў перыяд Другой сусветнай вайны. З 1949 года ў будынку размешчаны Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя Пятра Іванавіча Баграціёна (заснаваны ў 1935 годзе як краязнаўчы, у Другую сусветную вайну разрабаваны, у 1948 годзе адноўлены).
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
Аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак накрыты высокім вальмавым дахам. Цэнтральная частка з мезанінам вылучаная чатырохкалонным мураваным порцікам з выгнутым крывалінейным франтонам. Своеасаблівы порцік ўзбагачае пластычна сярэднюю частку дома, вылучаючы яго з суседняга шэрагу сядзібнай забудовы. Над уваходам у межах порціка — балкон, на які выходзяць памяшканні мезаніна.
Фасады атынкаваныя. Планіроўка анфіладная, у цэнтры — вестыбюль з лесвіцай.
== Помнік П. І. Баграціёну ==
Перад уваходам у сядзібны дом знаходзіцца помнік П. І. Баграціёну працы З. Азгура. Усталяваны ў 1950 годзе.
== Музей ==
У сядзібе дзейнічае ваенна-гістарычны музей імя П. І. Баграціёна, які быў заснаваны ў 1935 годзе, але будынак былога сядзібнага дома быў перададзены музею рашэннем Ваўкавыскага райвыканкама ад 15 лютага 1949 года.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.