Дом Берлянда — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе Інтэрнацыянальная вуліца, 13. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
== Гісторыя ==
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы, які знаходзіўся на рагу Саборнай плошчы і Праабражэнскай вуліцы, існавала драўляная і мураваная забудова. Драўляныя будынкі, якія выходзілі на вуліцу Праабражэнскую, былі цалкам знішчаны падчас вялікага пажару 1881 года, а мураваная забудова пашкоджана. Пасля пажару збоку вуліцы Праабражэнскай было пабудавана некалькі невялікіх мураваных дамоў і гаспадарчых пабудоў.
На іх месцы ў канцы XIX стагоддзя быў збудаваны вялікі трохпавярховы мураваны жылы дом, падчас будаўніцтва якога былі выкарыстаны канструкцыі першапачатковых будынкаў, узведзеных у першай палове XIX стагоддзя. Новы будынак быў накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычнасць кампазіцыі галоўнага фасада падкрэслівалася трыма атыкамі. Паверхі былі падзелены прафіляванымі цягамі. Першы паверх быў аформлены рустам. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы былі аздоблены прафіляванымі нішамі і сандрыкамі.
У пачатку XX стагоддзя уладальнікам гэтага будынка стаў купец Ісаак Берлянд. Паводле інвентарызацыі 1910 года значную частку першага паверха займала банкірская кантора Берлянда, а таксама Мінскае гандлёва-прамысловае таварыства ўзаемнай пазыкі, галантарэйная крама, прыватная друкарня, цырульня і іншыя. На другім паверсе знаходзілася яўрэйскае вучылішча. Значная частка памяшканняў выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры.
У 1920 гады былы дом Берлянда быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры. У гады Вялікай Айчыннай вайны не пацярпеў.
У 1960-я гады будынак быў рэканструяваны і адначасова надбудаваны чацвёрты паверх. У выніку гэтай рэканструкцыі было амаль цалкам страчана першапачатковае дэкаратыўнае афармленне галоўнага фасада.
== Архітэктура ==
Чатырохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак. Плоскасць галоўнага фасада падзелена на гарызанталі карнізам, рытмічна члянёна прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Сцяна 1-га паверха апрацавана рустам. Дваровы фасад вылучаны рызалітамі. Арачныя праёмы, якія аддзяляюць будынак ад суседніх пабудоў, перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Выкарыстоўваецца як жылы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
81. Забудова вуліцы Інтэрнацыянальнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.