
Дом Гальперына — Івенскага — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 32. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
== Гісторыя ==
У XVIII — першай палове XIX стагоддзяў на гэтым пляцы знаходзіліся будынкі мінскага кляштара рахітаў, заснаванага ў 1752 годзе. У 1824 годзе кляштар рахітаў быў зачынены, а яго маёмасць перададзена мінскаму кляштару баніфратаў.
Пасля 1832 года зямельны пляц разам з будынкамі перайшоў ва ўласнасць горада. Да сярэдзіны XIX стагоддзя ўсе пабудовы былога кляштара рахітаў былі разбураны, а яго тэрыторыя паступова забудавана жылымі дамамі.
Падчас вялікага пажару 1881 года забудова, якая існавала на гэтым зямельным пляцы моцна пацярпела. Пасля пажару мінскі мешчанін Гальперын аднавіў двухпавярховы мураваны дом, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу.
Гэта быў двухпавярховы складаны ў плане будынак. Асноўны аб’ём быў накрыты двухсхільным дахам, аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванай цягай і аформлены плоскімі лапаткамі. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха мелі прафіляваныя ліштвы. Лучковыя вокны другога паверха былі аздоблены сандрыкамі. На тэрыторыі пляца акрамя комплексу гаспадарчых пабудоў знаходзіўся вялікі сад, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу.
У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага будынка стаў мінскі мешчанін Пейсах Гальперын. У пачатку XX стагоддзя гэтая маёмасць перайшла ва ўласнасць мінскага мешчаніна Шымона Івенскага. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні будынка выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.
Пасля 1920 года быў нацыяналізаваны, выкарыстоўваўся пад жылыя камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны былы дом Гальперына не пацярпеў і да канца XX стагоддзя на першым і другім паверхах будынка былі жылыя кватэры.
== Зноскі ==
== Літаратура ==