Дом-камуна — будынак у Гомелі, пабудаваны ў 1929—1931 гадах паводле праекта Станіслава Шабунеўскага, помнік архітэктуры канстрыктывізму. Месціцца па адрасе пр-т. Леніна, 51.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1929—1931 гадах паводле праекта архітэктара Станіслава Шабунеўскага як жылы дом для рабочых паравозавагонарамонтнага завода. Дамы такога тыпу ў 1928—1929 гадах з’явіліся ў многіх гарадах СССР. Гэта былі першыя спробы стварэння дамоў-комплексаў з рознымі памяшканнямі грамадска-бытавога абслугоўвання. Акрамя Гомеля, у БССР такі дом у 1930—1935 гадах быў пабудаваны ў Бабруйску.
У гады Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны. У пасляваенныя гады быў толькі разабраны парапет, які павінен быў імітаваць плоскі дах, у свой час запраектаваны, але не выкананы прах тэхнічную непадрыхтаванасць будаўніцтва.
== Архітэктура ==
Мае ў плане форму выцягнутай літары П і займае даўжыню квартала. Вонкавы выгляд будынка характэрны для архітэктуры таго перыяду. Асаблівая выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннямі вертыкальных сяміпавярховых аб’ёмаў, што фланкіруюць цэнтральны шасціпавярховы аб’ём з бакавымі крыламі.
Сістэма памяшканняў культурна-бытавога абслугоўвання запраектаваных будынкаў не ўлічвала многіх патрэб жыхароў дома. Не ўсё з запраектаванага было выканана, асобныя памяшканні выкарыстоўваліся па іншым прызначэнні. Пасля некалькіх перабудоў гомельскі дом-камуна быў рэканструяваны пад інтэрнат калідорнага тыпу, на першым паверсе прадугледжваліся памяшканні грамадскага прызначэння — вестыбюль, сталовая, дзіцячая дашкольная ўстанова, пакоі для гурткоў, бібліятэка. Пасля перабудовы 1990—2000-х гадоў на першым паверсе дома месцяцца гандлёвыя памяшканні, на верхніх — кватэры.
== Галерэя ==
На старых здымках
== У культуры ==
Будынак стаў падзейным цэнтрам рамана Васіля Ткачова «Дом камуны» (2009).
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Гомельскі дом-камуна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.