Гайцюнішскі дом-крэпасць – унікальнае збудаванне ў в. Гайцюнішкі, Воранаўскі раён, якое не мае прамых аналагаў. Уяўляе сабой рэдуцыраваны замак, пабудаваны па абагульненай схеме сярэдневяковых крэпасцей. Гайцюнішскі дом-крэпасць арганічна спалучыў перадавыя дасягненні заходнееўрапейскага абарончага дойлідства XIV–XVI стст. з мясцовымі традыцыямі.
== Гісторыя ==
Дом-крэпасць узведзены ў паўднёвай частцы вёскі, на левым беразе р. Жыжма ў 1611-12 гг. з цэглы будаўніком і начальнікам каралеўскіх збудаванняў у Вільні галандцам П. Нонхартам разам з інжынерам-фартыфікатарам Ван Данэнам.
У гадах 1900—1905 г. Эдвард Рымша дабудаваў да яго шырокі ганак, з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысціню і арыгінальнасць першапачатковага праекта.
Эдвард Рымша, пад час дабудовы, знайшоў насценныя малюнкі са сцэнамі палявання, якія аднак не закансерваваў. Ёсць меркаванне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага Віленскага мастака і ўладальніка маёнтка Шротэра.
У гэтым доме-крэпасці паспяхова вытрымалі аблогу шведы пад час Паўночнай вайны, атакаваныя войскамі саксонскага караля Аўгуста ІІ.
У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі пад час І-й сусветнай вайны. Ацалела толькі «Генеалогія роду Рымшаў», якая сягала часоў хрышчэння Літвы.
Маёнтак акружаў стары парк, плошчай 15 га, раслі ў ім у асноўным ліпы і лістоўніцы, многім з якіх было ўжо больш за 300 год.
У польскай філалогіі з’явілася версія пра тое, што Гайцюнішскі дом-крэпасць стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых з «Пана Тадэвуша». Доўгі час лічалася, што правобразам Сапліцава былі Тугановічы, пазнейшыя даследчыкі размяшчалі яго ў Міры ці нават у Вялікай Польшчы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафесар Рышард Керсноўскі ў артыкуле «Замак Гарэшкаў і яго жыхары». Ён сабраў шмат фактаў, на карысць слушнасці версіі аб Гайцюнішках.
У 1946 — 49 гг. у доме-крэпасці знаходзілася школа механізатараў. З 1960 г. — абласная псіхіятрычная бальніца. Быў праведзены капітальны рамонт, у выніку ўнікальны дом-крэпасць добра захаваўся і зараз у ім знаходзіцца адміністрацыйны будынак бальніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX- 1-й паловы XX ст.
== Архітэктура ==
Будынак прамавугольны ў плане, двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны трохпавярховай прамавугольнай у плане вежай