
Дом Локшына — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па Ленінскай вуліцы, 10.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў канцы ХІХ ст. на вул. Вялікай Садовай як жылы будынак. Належаў Локшыну. Верхні паверх займалі жылыя кватэры, на ніжнім размяшчаўся шэраг крам.
У 1920-х гг. будынак нацыяналізаваны. Выкарыстоўваўся як жылы. На пачатку 1990-х гг. былі праведзены рэканструкцыя і капітальны рамонт МЖК. Цяпер гэта жылы дом, на першым паверсе якога размешчана гарадская арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў.
== Архітэктура ==
Дамы № 6, 8, 10 з’яўляюцца адзіным комплексам забудовы, які галоўным фасадам выходзіць на чырвоную лінію забудовы вул. Ленінскай. Дом № 10 уяўляе сабой трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак з праезнай аркай з цыліндрычным скляпеннем (закладзена). У афармленні фасадаў выкарыстаны рустоўка, карнізныя паяскі, прамавугольныя падаконныя нішы. На першым і другім паверхах аконныя праёмы прамавугольныя, на трэцім — арачныя з ліштвамі. Цэнтр фасада акцэнтаваны двума балконамі на другім паверсе і двума балконамі — на трэцім паверсе. Будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам і франтонам з трыма арачнымі вокнамі. Унутраная планіроўка зменена.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.