Тып : будынак
Месца : Мінск
Шыфр : 713Г000022
Датаванне : канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_Маліна

Дом Ма́ліна — трохпавярховы будынак у Мінску па вуліцы Валадарскага, 9, пабудаваны ў 1912 годзе з цэглы. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.

== Гісторыя ==

Ранейшы адрас — 43/13 на рагу вуліц Захар’еўскай і Серпухаўскай, у 1912 — 45/13. Уладальнікі — Малін Юдаль Лейзеравіч і яго жонка Маліна Хая Абрамаўна.
Дом пабудаваны ў 1912 годзе, у гэтым жа годзе ў гэты будынак пераехала мінскае аддзяленне Пазямельна-сялянскага банка. Частка пакояў здавалася пад жыллё. Да 1918 года ў доме размяшчалася канторы і аптовы тытунёвы склад-крама таварыства Маліна Ю. Л. і Шлапакова М. У 1912—1913 гадах тут таксама месцяцца канторы сельскагаспадарчых машын і прылад Рапапорта К. і Рапапорта Э., крама таварыства спажыўцоў Лібава-Роменскай чыгункі. У 1913—1916 гадах будынак займаюць менскае аддзяленне Пазямельна-сялянскага банка, упраўленне вайскова-санітарных арганізацый, упраўленне Усерасійскага земскага саюза, польскае вайсковае ўпраўленне. У 1914—1918 гадах тут месціцца галантарэйная лаўка Глезэра Янкеля Мордухавіча. У 1916—1917 гадах кабінет Галоўнага ўпаўнаважанага Чырвонага Крыжа Заходняга фронту, аўтамабільны аддзел Камісарыята народнай гаспадаркі Заходняй вобласці, упраўленне Звязу палякаў-ваенных Заходняга фронту, канцылярыя Матэрыяльна-нарыхтоўчага аддзела камандавання Заходняга фронту, кабінет начальніка аддзела Упраўлення будаўніча-тэхнічнай часткі, кабінет прадстаўніка галоўнакамандуючага Заходняга фронту Паржэцкага Р. І., упраўленне будаўніча-тэхнічнай часткі Заходняга фронту (кв. 2). У 1916—1919 гадах — бакалейная лаўка Грынеўскага В. Ф.
З 19 сакавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР арандаваў пакоі на 3-м паверсе. 24 сакавіка 1918 года ў кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося пасяджэнне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Устаўной граматы, якая абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай. У пачатку красавіка ў памяшканні Народнага Сакратарыята адкрыліся курсы беларусазнаўства. 17 жніўня 1918 года Народны сакратарыят пераехаў у Юбілейны дом.
У 1918—1919 гадах будынак таксама займала лаўка гандляркі тытунём Меяровіч Хасі Вульфаўны, лаўка па продажы паперы Фішара Аўсея Беньямінавіча, Фішара Ісака Беньямінавіча, пральня (на першым паверсе), аддзел размеркавання рабочай сілы (Біржа працы).

У 1920 годзе Маліны выехалі за мяжу. У 1920 годзе ў будынку размяшчаецца інтэрнат № 5. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізаваная. У 1920—1921 гадах у доме месцяцца штаб Чырвонага паветранага флоту, Трамот (транспартна-матэрыяльны аддзел). У 1921 годзе — 13 крамаў, дзве з якіх перабудаваныя пад кухні для бежанцаў, слясарная майстэрня, «Губевак». У 1921—1922 — інтэрнат «Белэвако». У 1922 годзе — уласнасць гарадскога жыллёвага пададдзела аддзела камунальнай гаспадаркі менскага акруговага выканаўчага камітэта. У 1922 годзе першы паверх займала Амерыканская адміністрацыя дапамогі (American Relief Administration, ARA). У 1925—1926 уласнік — Белкаапсаюз. У 1925—1926 гадах у будынку месцяцца «Белмясгандаль», канцылярыя Белкаапсаюза, канцылярыя Мінцэнтрабкаапа, канцылярыя Усекабанка, канюшня, Менскі цэнтральны рабочы кааператыў, склад Белкаапсаюза, Сялянскі банк, упаўнаважаны Ленінградскага тытунёвага трэста. На 1926 год дом падзелены на 5 кватэраў і памяшканні дзяржаўных устаноў.
У 1928 годзе будынак займае агульны аддзел Усебеларускай канторы Дзяржаўнага банка, аддзел кніжнай і папяровай часткі і кнігарня Белкаапсаюза. У 1928—1929 гадах — праўленне Менскіх цэнтральных рабочых кааператываў, беларускае аддзяленне Усерасійскага камерцыйнага (кааператыўнага) банка, планавае бюро і гараж Белкаапсаюза. У 1935 годзе тут размяшчаецца дзіцячы сад № 18 (беларускі) Белкаапсаюза, крама політэхнічнага абсталявання «Фота-радыё». У 1935—1938 гадах — Белкаапмясаптушка, трэст Белпрамхлеб (Галоўхлеб). У 1935—1936 гадах — паштова-газетнае агенцтва сувязі, гараж і сталовая Белкаапсаюза, Менская цэнтральная гарадская ашчадная каса № 16 (3 паверх), таксафон. 1936—1940 гады — трэст Маслапрам, універмаг культавараў Белпрамгандлю. У 1937—1940 гадах — дзіцячы сад № 53, крама № 8 посуда-гаспадарчых і электратавараў Гарпрамгандлю, Абласны саюз спажывецкіх таварыстваў, медпункт.
За савецкім часам першы паверх займалі Белкаапсаюз і Кафэ № 1. Цяпер у будынку месціцца кафэ Чабурэчная.

У 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам была створана мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР, якая так і не была ўстаноўлена на будынку. У 2018 годзе, калі неафіцыйна адзначалася 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, па вусновай дамоўленасці з уладамі за сабраныя грамадскасцю грошы была выраблена новая дошка, але ў выніку ва ўстаноўцы было адмоўлена праз «неадназначнасць меркаванняў».

== Архітэктура ==

Цяпер дом уяўляе сабой прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Асіметрычную кампазіцыю мае галоўны фасад, на якім сіметрычна размешчаны балкончыкі з чыгуннай ажурнай агароджай. Першы паверх буйна руставаны, аддзелены ад наступных карнізным поясам. У цэнтральнай частцы праходзяць дзве руставаныя пілястры. Сцяна расчлянёна прамавугольнымі вокнамі ў ліштвах, на другім паверсе — замковым каменем. Пад карнізам праходзіць вузкі фрыз з лепкай у выглядзе вянкоў і гірляндаў.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга I.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-02-1426-3.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].

Тып : будынак
Месца : Мінск
Шыфр : 713Г000022
Датаванне : канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_Маліна
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
TAGS