Тып : будынак
Шыфр : 712Г000142
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : ХІХ стагоддзе
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_масонаў_(Мінск)

Дом масо́наў (Дом Ключы́нскага) — будынак пачатку XIX стагоддзя ў Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па адрасе Музычны завулак, 5. Помнік архітэктуры класіцызму. У доме месціцца Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

== Гісторыя ==
У пачатку ХІХ стагоддзя на Бернардзінскім завулку знаходзіўся зямельны пляц, які належаў двараніну Траяну Ключынскаму. Паводле яго заказу быў распрацаваны праект на будаўніцтва новага мураванага дома, які паводле некаторых звестак быў зацверджаны 15 чэрвеня 1810 года мінскімі гарадскімі і губернскімі ўладамі. Найбольш верагодным аўтарам праекта гэтага будынка быў мінскі губернскі архітэктар Міхаіл Чахоўскі. Упершыню гэты будынак быў пазначаны на плане Мінска, датаваным 1817 годам. Ён меў арыгінальнае архітэктурнае рашэнне. Гэта быў мураваны прамавугольны ў плане трохпавярховы дом, накрыты вальмавым дахам. Яго першы, альбо высокі цокальны паверх быў перакрыты мураванымі скляпеннямі. Будынак меў сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Амаль аднолькавыя паводле архітэктурнага вырашэння тры яго фасады — паўднёва-ўсходні, паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні — былі вылучаны неглыбокімі рызалітамі, два з якіх былі завершаны трохвугольнымі франтонамі.

У пачатку ХІХ стагоддзя дом Ключынскага, узведзены на ўзгорку, вылучаўся сярод невысокай жылой забудовы гэтага раёна і добра праглядаўся з розных кропак горада, адыгрываючы своеасаблівую ролю ў сілуэце гістарычнага цэнтра Мінска.
На некаторых планах горада першай паловы ХІХ стагоддзя камяніца Ключынскага была пазначана ў выглядзе крыжа, што дало падставу некаторым аўтарам сцвярджаць, быццам яе план нагадваў форму масонскага крыжа. Акрамя таго, сцвярджалася, што першапачаткова будынак будаваўся без вокнаў, а на іх месцы была зроблена зашклёная імітацыя. Існуе паданне, што гэты будынак першапачаткова належаў мінскай масонскай ложы «Чырвоная паходня», якая была заснавана ў Мінску ў 1816 годзе і была забаронена ў 1822 годзе. Першыя звесткі пра гэта сустракаюцца ў краязнаўчай літаратуры па гісторыі Мінска пачатку ХХ стагоддзя, але дакладных дакументальных пацверджанняў гэтай гіпотэзы ў архіўных дакументах не знойдзена. Вядома, што зяць уладальніка будынка Траяна Ключынскага быў сябрам гэтай масонскай ложы. Акрамя таго, на супрацьлеглым баку Бернардзінскага завулка знаходзілася сядзіба Друцкіх-Любецкіх, якая з 1811 па 1818 гады належала вядомаму мінскаму грамадскаму і культурнаму дзеячу Яну Ходзьку, які таксама быў масонам і адыгрываў значную ролю ў дзейнасці мінскай масонскай ложы.

У першай палове ХІХ стагоддзя ўладальнікі будынка значную частку яго памяшканняў здавалі пад жылыя кватэры. У гэтым будынку на другім паверсе некаторы час жыла сям’я Чэслава Манюшкі, бацькі будучага знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі. Чэслаў Манюшка ў сваіх успамінах адзначаў, што ў гэтым доме ён разам з сям’ёй пражыў 5 гадоў.
Пасля смерці Траяна Ключынскага дом разам з зямельным пляцам і гаспадарчымі пабудовамі перайшоў у спадчыну да яго дачкі Анастасіі з Ключынскіх па мужу Якубоўскай, якой у спадчыну дастаўся «мураваны трохпавярховы дом, са скляпамі, стайняй, вазоўняй, лядоўняй і пляцам, а таксама з агароджай… па Семінарыйскім завулку пад № 398 у першай частцы і квартале ў горадзе Мінску». У 1835 годзе Анастасія Якубоўская прадала свой дом разам з пляцам Францу і яго жонцы Элеаноры Зімніцкім. Дом Зімніцкіх, тады ўжо на Петрапаўлаўскім завулку, ў дакументах сярэдзіны ХІХ стагоддзя быў пазначаны як мураваны трохпавярховы жылы дом, альбо двухпавярховы на сутарэннях. Пасля смерці Франца Зімніцкага ў 1870-х гадах гэты будынак перайшоў у спадчыну да яго сына Канстанціна Зімніцкага, які валодаў ім да канца ХІХ стагоддзя.

У канцы ХІХ стагоддзя ўладальнікам будынка разам з зямельным пляцам стаў дваранін Вікенцій Нядведзкі, а ў пачатку ХХ стагоддзя пасля яго смерці ўся маёмасць перайшла да яго ўдавы Марцэлі Нядведзкай, якая валодала гэтым будынкам да 1920 года.
У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя вялікіх змен у архітэктуры былога дома Ключынскіх не адбылося. Усе памяшканні ў гэтым мураваным доме здаваліся пад жылыя кватэры. Цяпер у доме месціцца Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

== Архітэктура ==

Трохпавярховы прамавугольны ў плане сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынак пакрыты вальмавым дахам. Паўночна-ўсходні, паўднёва-ўсходні і паўднёва-заходні фасады вылучаны неглыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі, у тымпане якіх паўкруглыя вокны. Першы паверх аддзелены цягамі складанага профілю, па перыметры сцен пад карнізам праходзіць пояс сухарыкаў. Аконныя праёмы 1-га і 3-га паверхаў прамавугольныя, 2-га дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем і трохвугольнымі сандрыкамі. У прасценках паміж вокнамі над галоўным уваходам невялікія калоны дарычнага ордара. На паўночна-ўсходняй сцяне асіметрычна размешчаны невялікія балкончыкі з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Планіроўка анфіладная асіметрычнай кампазіцыі. Помнік архітэктуры класіцызму.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
92. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Тып : будынак
Шыфр : 712Г000142
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : ХІХ стагоддзе
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_масонаў_(Мінск)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.