
Дом Мі́нскага тавары́ства ўзае́мнага сельскагаспада́рчага страхава́ння — чатырохпавярховы будынак пачатку XX ст. у Мінску на рагу вул. Гарадскі Вал і пр. Незалежнасці, 2/15. Помнік архітэктуры неакласіцызму, частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Цяпер будынак займае Міністэрства ўнутраных спраў.
== Гісторыя ==
Ранейшы адрас — № 49/7 на скрыжаванні вуліц Захар’еўскай і зноў адкрытага ў пачатку 1910-х Захар’еўскага завулка.
Чатырохпавярховы мураваны будынак спраектаваны архітэктарам Генрыхам Гаем і пабудаваны ў 1914 годзе на месцы двух дамоў і ўчастку зямлі (пл. 281,74 кв. саж.), купленага да 1910 годзе Мінскім таварыствам узаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню) у Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і ўчастка зямлі (пл. 48,31 кв. саж.) купленага Мінскім таварыствам узаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню) у Мінскага дабрачыннага таварыства. Аўтар скульптурнай кампазіцыі невядомы, меркавана — Станіслаў Гайдукевіч.
У 1915 годзе на першым паверсе размяшчаліся 2 крамы акцызнага таварыства Лансберга, кветкавая крама Кржывіцкага Івана, малочная лаўка Пікса, крама інжынера Янішэўскага Г. Я., кацельня, 2 крамы таварыства дапамогі параненым ваенным, крама Чырвонага Крыжа. На 2-м паверсе праўленне Мінскага земляробчага таварыства ўзаемнага страхавання. На 3-м паверсе — Мінскі грамадскі клуб (у 8 пакоях з кухняй і вітальняй). На 4-м паверсе размяшчалася кантора Лібава-Роменскай чыгункі і камерцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі.
У 1915—1916 гадах у доме таксама месцяцца сталовая пры Галоўным штабе арміі, упраўленне Галоўнага ўпаўнаважанага Расійскага таварыства «Чырвонага Крыжа». У 1917 кабінет памочніка начальніка камерцыйнай службы Лібава-Роменскай чыгункі, камерцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі, канцылярыя гаспадарскай часткі галоўупаўнаважанага Чырвонага Крыжа, спажывецкае таварыства «Сила».
З 1919 года ў будынку месціцца «Земгор» (на 3-м паверсе), Менскі павятовы выканаўчы камітэт (13 аддзелаў), жыллёвы раённы савет (4-ты паверх), даведачны стол дамавых камітэтаў Менска. У 1922 уласнік — гарадскі жыллёвы пададдзел камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэта.
З 1920 года будынак займае ЧК Беларусі. З 1922 — ДПУ БССР. У 1929 у будынку размяшчаецца ДПК