Дом мяшчанкі Эцінген — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па адрасе вул. Герцэна, 4.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя на гістарычнай Малой Бернардзінскай вуліцы. Пазначаны на шматлікіх планах Мінска з пачатку ХІХ стагоддзя.
Пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст. ўладальнікам гэтага будынка была мяшчанка Хана Эцінген, якой належалі «мураваны 2-павярховы дом з хлявамі і зямлёй». Збудаванні належалі ёй да канца ХІХ стагоддзя.
У 1904 годзе мураваны будынак разам з гаспадарчымі пабудовамі і зямельным пляцам набыў аўстрыйскі падданы Ківа Рапапорт. У гэты час асноўныя памяшканні будынкаў працягвалі выкарыстоўвацца пад жыллё. На першым паверсе мураванага дома, які выходзіў на Малую Манастырскую вуліцу, знаходзілася кравецкая майстэрня.
== Архітэктура ==
Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане цагляны будынак накрыты двухсхільным дахам, тарцы якога прыкрывалі 3-х вугольныя франтоны, выкананыя ў тэхніцы «прускага мура». Першы паверх не атынкаваны і выкананы з вялікіх камянёў у тэхніцы разынкавай муроўкі. Агульная сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасада парушаецца арачным праездам, які ссунуты ад вертыкальнай восі сіметрыі. Цэнтральная частка будынка вылучана трохвугольным франтонам, у тымпане якога прарэзана маленькае квадратнае акно. Пад дахам на перыметры праходзіць развіты шматслойны карніз. Прамавугольныя вокны размешчаны ў неглыбокіх дэкаратыўных нішах паўцыркульнага абрысу. У цэнтры галоўнага фасада на 2-м паверсе навісае балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Будынак — помнік архітэктуры класіцызмуУ двары знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку аднапавярховая мураваная афіцына.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.