
Дом па праспекце Незалежнасці, 16 — жылы дом у Мінску, размешчаны на рагу праспекта Незалежнасці і Камсамольскай вуліцы, 16/32. Пабудаваны ў 1947—1951 гг. (архіт. М. Паруснікаў) на месцы гасцініцы «Гарні» і прызначаўся для работнікаў Міністэрства дзяржбяспекі БССР. Помнік савецкай грамадзянскай архітэктуры стылізатарскага кірунку.
== Архітэктура ==
Уяўляе сабой пяціпавярховы, Г-падобны ў плане будынак з цэглы. Вуглавая частка вылучана гранёнай вежай з гадзіннікам. Вулічныя фасады маюць двух’ярусную кампазіцыю. Ніжні ярус у 2 паверхі вырашаны цэласна ў буйных формах. Асноўнай тэмай яго пластычнага афармлення з’яўляецца рад здвоеных арак, якія аб’ядноўваюць вітрыны магазінаў па 1-м паверсе, і шырокія лучковыя вокны 2-га жылога паверха. Пластыка верхняга паверха больш насычаная. Вежа і плоскасці сцен, якія да яе прымыкаюць, аздоблены пілястрамі карынфскага ордара. Жылы характар дома падкрэслены радам эркераў, якія падтрымліваюцца магутнымі кранштэйнамі. Невысокі цокаль апрацаваны паліраваным гранітам.
У аснове планіроўкі жылых паверхаў — тыпавая секцыя (архіт. С. Кавыкоў) з двухпакаёвымі кватэрамі. Вуглавая частка будынка спланавана з двух- і пяціпакаёвых кватэр. Эркеры размешчаны з паўночнага боку дома і пашыраюць унутраную прастору кватэр.
== Гадзіннік ==
Паводле легенды, ініцыятарам устаноўкі гадзінніка на вежы жылога дома быў шэф беларускага МДБ Лаўрэнцій Фаміч Цанава. Па іх ён нібыта звяраў час прама з акна свайго кабінета. Механізм быў прывезены ў якасці трафея пасля Вялікай Айчыннай вайны з Кёнігсберга. Для бою курантаў прыстасавалі 380-кілаграмовы звон «Ірэна» з молатам-ударнікам, які быў адліты ў 1929 годзе на заводзе Фяльчынскага ў заходнеўкраінскім горадзе Калуш на сродкі салдатаў польскага Мінскага палка стральцоў(бел. (тар.)) бел., якія змагаліся супраць бальшавікоў і дыслакаваліся ў Маладзечне. На зване захаваліся надпісы на польскай мове («звон створаны стараннямі палка мінскага ў памяць пра загінулых герояў і абаронцаў зямлі мінскай») і гравюры з выявамі салдатаў і Маці Божай. Меркавана, звон ствараўся для маладзечненскай Трыўмфальнай аркі, дзе мелася невялікая капліца, адкуль палкавы капелан бласлаўляў салдатаў.
Першы бой курантаў прагучаў 9 красавіка 1950 года, аднак, праз некалькі гадоў звон перастаў званіць, бо перашкаджаў жыхарам дома. У наш час механізм з 200-кілаграмовай гірай не працуе, стрэлкі ў рух прыводзіць электрапрывад.
Вывучаўся варыянт пераносу звона на званіцу Чырвонага касцёла, але ў рэшце ў красавіку 2018 года ён быў перавезены ў Музей гісторыі горада Мінска.
== Вядомыя жыхары ==
Сяргей Аляксандравіч Міцько (нар. 1981) — беларускі архітэктар.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
158ж. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.