Дом па праспекце Незалежнасці, 37 — жылы дом у Мінску, размешчаны на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Кісялёва (дом № 2), на паўночным баку плошчы Перамогі. Будаўніцтва пачата ў 1939 годзе на праекце архітэктара Р. Столера, перапынена вайной і закончана ў 1947 годзе па праекце архітэктара М. Бакланава.
== Архітэктура ==
Сіметрычна восі праспекта па дузе круглай часткі плошчы размешчаны дом № 40. Дамы 37 і 40 з’яўляюцца важнымі элементамі аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі плошчы, прыкладам ансамблевай арганізацыі жылой забудовы.
Аднатыпны 5-павярховы дугападобны ў плане будынак з бакавымі крыламі, якія разыходзяцца ў напрамку праспекта і вуліцы Кісялёва. У доме 115 кватэр. На першым высокім паверсе размешчаны магазіны і кафэ. Фасадныя плоскасці падзелены на 2 ярусы шырокімі паясамі, якія праходзяць паміж 1-м і 2-м паверхамі. Ніжні ярус трактаваны больш масіўна, верхні (чатыры паверхі) падзелены раўнамернымі радамі прамавугольных акон і расчлянёны па вертыкалі двайнымі лоджыямі. Вертыкальны рытм чляненняў падкрэслены выступамі эркераў. Фасады вырашаны цэласна і адпавядаюць манументальнаму характару забудовы плошчы. Завершаны глухім парапетам, над якім размешчаны аб’ёмныя літары першых двух словаў фразы «Подвиг народа бессмертен» (бел.: Подзвіг народа бессмяротны). Аконныя праёмы і лоджыі ўпрыгожаны сандрыкамі і франтончыкамі. Пластыку фасадаў узбагачаюць калоны і паўкалоны ў лоджыях, пілястры. У аснову планіровачнай структуры дамоў пакладзена 4-кватэрная секцыя, распрацаваная ў Акадэміі архітэктуры архітэктарамі П. Блахіным і А. Зальцманам. Секцыя мае 3 двухпакаёвыя і адну трохпакаёвую кватэры. Для дамоў была распрацавана 3-кватэрная паваротная секцыя (на месцы выгінаў).
== Зноскі ==
== Літаратура ==
У. В. Алісейчык, Т. В. Габрусь, Л. Г. Лапцэвіч. 259в. Жылыя дамы № 37 і 40 // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.