Дом па Савецкай вуліцы, 10 — будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, на рагу вуліц Савецкай і Дамініканскай.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1880 годзе. Паводле іншых звестак, у 1873 уздоўж вуліцы да кляштара Св. Духа (цяпер № 14) быў прыбудаваны двухпавярховы флігель, які меў выгляд адзінага двухпавярховага дома. У будынку змяшчаліся «Кніжны рускі гандаль» (1903), натарыяльная кантора Басніна (1911), аптэчная крама Жураўскага (1915), дзевяць кватэр, восем крам, пякарня. Па стану на 1926 — аптэчны склад Жураўскага, рэстаран Х. Фрухта. У 1937 г. знаходзілася крама галантарэі і панчошна-шкарпэткавых вырабаў «Цяханскі і сыны». У верасні 1944 г. другі паверх будынка займалі партыйны і педагагічны кабінеты. Пасля студзеня 1945 г. г у будынку працавалі: майстэрня па заліванні галёшаў і вулканізацыі шын, пякарня па выпечцы кандытарскіх вырабаў (сакавік 1945), пасля кравецкая майстэрня (1946), мастацка-афарміцельскія і швейная майстэрні Гарпрамкамбіната (1947), салон мод швейнай фабрыкі пашыву адзення (1970). На першым паверсе працавала крама «Палітычная кніга». У 1969 спецыялізаваная крама па продажы грамадска-палітычнай літаратуры «Праметэй». У 1970 гг. змяшчалася крама «Тканіны».
5 сакавіка 1970 года ў выніку абвалу даху дома пад цяжарам снегу над кнігарняй, будынак быў падвергнуты капітальнай рэканструкцыі па праекце архітэктараў А. Сарокіна і А. Кузняцова, у выніку чаго з’явіўся трэці паверх і цалкам змяніўся фасад будынка. Тут размяшчаўся выканкам Гродзенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, з 1978 года будынак займае Ленінскі райвыканкам (цяпер Адміністрацыя Ленінскага раёна). У пачатку 1990 гг. у будынку некаторы час знаходзілася рэдакцыя газеты «Пагоня». Акрамя таго на першым паверсе працуюць крамы, кнігарня «Кнігі».
== Архітэктура ==
Сучасны выгляд набыў пасля савецкай рэканструцыі. Цяпер будынак трохпавярховы, у плане складанай формы. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная і бакавыя часткі вылучаны рызалітамі, якія выходзяць за межы завяршальнага карніза. Унізе 3 паўцыркульныя праезды. 1-ы паверх аддзелены ад астатніх 2 гарызантальнымі цягамі. Вокны прамавугольныя ў ліштвах, у цэнтральнай частцы здвоеныя. Архітэктура будынка вырашана ў эклектычных формах.
== Зноскі