
Дом па Савецкай вуліцы, 23 у Лідзе. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Быў унесены ў афіцыйны Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, як частка фрагмента жылой забудовы па вул. Савецкай — «помніка горадабудаўніцтва, у якім увасоблены асноўныя мастацка-стылявыя напрамкі пачатку 20 ст.»
Архітэктура
Пабудаваны з цэглы. Размешчаны адасоблена, насупраць дома № 26, з якім складае адзіны па архітэктуры фрагмент жылой забудовы. Прамавугольны ў плане кампактны двухпавярховы аб’ём пад двухсхільным дахам. Архітэктурны дэкор на галоўным фасадзе выкананы сродкамі мастацкай цаглянай муроўкі. На рызалітах выступаюць шырокія балконы з фігурнай жалезнай агароджай. Завяршае будынак карніз складанага арнаментальнага малюнка. Дэкаратыўна апрацаваны тарцовыя трохвугольныя шчыты.
Літаратура
-
А. М. Кулагін. 871. Забудова вуліцы Савецкай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.

