
Дом па Савецкай вуліцы, 25 — будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1870—1890 гадах.
Вядома, што ў 1902 годзе ў доме працавала абутковая крама Шмуэля Гардона, з 1903 года кніжная крама Тракеніцкага. У ліпені 1920 года знаходзіўся штаб 10-й кавалерыйскай дывізіі Чырвонай арміі. У 1927 годзе — рэдакцыя газеты «Głos Prawdy Ziemi Grodzieńskiej», рэдактарам якой быў Ян Янкоўскі. З 1928 года будынак ва ўласнасці «Syndykat Rolniczy». У 1939 годзе знаходзілася крама А. Майзеля і «найстарэйшая і найвялікшая фірма фотаапаратаў у Гродне». Напярэдадні вайны ў 1940—1941 гадах працавала мастацкае фота № 2 «Ваенгандлю», якое адкрылася пасля вайны ў верасні 1945 года. У 1950 годзе — кантора «Нарыхтлён», з 1952 года — фірмовая крама па продажу папірос і тытуню. З 1964 года філіял галоўнага ўнівермага — секцыя спартыўных тавараў, якая называўся «Спорттавары». У 1971 годзе пачала працу вядомая крама па продажу тавараў за валюту «Бярозка», з 1982 года крама «Букініст».
== Архітэктура ==
Цяпер 1-ы паверх заняты прадпрыемствамі гандлю, 2-і адведзены пад жыллё. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з аднасхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная і вуглавая часткі падкрэслены пілястрамі: на 1-м паверсе шырокімі, на 2-м больш вузкімі. Цокаль скошаны. Паверхі аддзелены 2 прамежкавымі карнізамі. Цэнтральны балкон аб’ядноўвае 2 збліжаныя праёмы. Аконныя праёмы прамавугольнай формы, з скругленымі вугламі, абрамлены ліштвамі. Над праёмамі сандрыкі. Завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
29. Забудова вуліцы Савецкай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.