
Дом па Савецкай вуліцы, 4 — будынак у Мінску.
== Гісторыя ==
Тэрыторыя квартала, у якім размешчаны будынак № 4, пачала інтэнсіўна асвойвацца ў другой палове 19 ст. У першую чаргу, гэтаму паспрыяла будаўніцтва ў 1871 г. Маскоўска-Брэсцкай і ў 1873 г. Лібава-Роменскай чыгункі. Паводле адміністрацыйна-паліцэйскага падзелу г. Мінска ў пачатку 20 ст. квартал атрымаў № 167. Архітэктурна-планіровачная структура квартала сфарміравалася ў канцы 19 — пачатку 20 ст. Участак, на якім узведзены будынак № 4, у пачатку 20 ст. меў парадкавы № 10. Тагачасным яго ўладальнікам у пачатку 20 ст. была Бэйля Натанаўна Багацін. Плошча пляца складала 435,5 кв. саж. Паводле архіўных дакументаў забудова пляца была здзейснена ў канцы 1880-х — пачатку 1890-х гг. Па вул. Захар’еўскай (сучаснай вул. Савецкай) з паўночнага боку ўчастка стаяў драўляны жылы дом з такой жа прыбудовай. У доме была трохпакаёвая кватэра, у прыбудове — аднапакаёвая кватэра і сталярная майстэрня. З паўднёвага боку ўчастка па лініі вуліцы ў 1910 г. была пабудавана мураваная бакалейная лаўка. Паміж прыбудовай да жылога дома і лаўкай існаваў праезд у двор. У двары размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы (стайня, бандарная майстэрня, хлеў).
У 1922 г. у Менску была праведзена муніцыпалізацыя. У 1920-я — 1930-я гг. у сувязі з будаўніцтвам БДУ і Дома ўрада гэты раён Мінска падвергся значнай рэканструкцыі. Хутчэй за ўсё, у гэты перыяд на месцы драўляных дамоў на былым пляцы Багацін быў узведзены мураваны будынак. Сведчаннем таго, што дом пабудаваны ў даваенны перыяд, служаць дакументы па аднаўл