
Вуліца Гарадскі Вал (руск.: улица Городской Вал) — вуліца ў гістарычным цэнтры Мінска. Праходзіць ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Няміга.
== Гісторыя ==
Вуліца ўзнікла ў пачатку XIX стагоддзя на месцы гарадскога землянога вала.
Цяперашняя вуліца ўтворана ў 1993 годзе пасля злучэння ўчастку Рэспубліканскай вуліцы паміж Інтэрнацыянальнай вуліцай і Нямігай (іншая яе частка стала вуліцай Раманаўская Слабада) з вуліцай Урыцкага, якая праходзіла ад праспекта Леніна (цяпер праспект Незалежнасці) да Інтэрнацыянальнай вуліцы. Рэспубліканская вуліца да Кастрычніцкай рэвалюцыі называлася Раманаўскім завулкам, Старарараманаўскай, Новараманаўскай. Вуліца Урыцкага была Захар’еўскім завулкам.
== Апісанне ==
Вуліца Гарадскі Вал праходзіць на паўночны захад ад праспекта Незалежнасці, з захаду прымыкае вуліца Валадарскага, з усходу — Інтэрнацыянальная і Рэвалюцыйная вуліцы, завяршаецца скрыжаваннем з вуліцай Няміга, працягваючыся далей як вуліца Раманаўская Слабада. На заходнім баку вуліцы — сквер Адама Міцкевіча. Нумарацыя дамоў — ад праспекта Незалежнасці.
== Забудова ==
Вуліца часткова захавала забудову другой паловы XIX — пачала XX стагоддзя. Яна абмяжоўвае гістарычны Верхні Горад з захаду.
=== Няцотны бок ===
№ 1 (пр. Незалежнасці, 13) — пяціпавярховы жылы дом (1950—1954; архіт. Г. Баданаў і М. Асмалоўскі). У доме жылі скульптар Заір Азгур, архітэктары Леанід Левін і Сяргей Баткоўскі, акцёр і рэжысёр Леон Рахленка, лёгкаатлет Міхаіл Крываносаў. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000162
№ 3 — будынак (1940—1950-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000029
№ 5 — двухпавярховы будынак (пачатак ХХ стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000031. Выключаны з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2015 годзе.
№ 7 — двухпавярховы будынак (1914) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000032
=== Цотны бок ===
№ 2 (пр. Незалежнасці, 15) — чатырохпавярховы дом Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання (1914; арх. Генрых Гай, Станіслаў Гайдукевіч). Помнік архітэктуры неакласіцызму. Вуглавая частка будынка завершана скульптурнай кампазіцыяй у выглядзе грэчаскай багіні ўрадлівасці, багацця і земляробства Дэметры з дзецьмі. З 1920 года будынак займае ЧК Беларусі. З 1922 — ДПУ БССР. У 1929 у будынку размяшчаецца ДПК (Дзяржаўнае палітычнае кіраўніцтва), казармы палка ДПК, клуб, камендатура, Цэнтральная «кантора». З 1934 года — НКУС БССР. Цяпер будынак займае Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000028Будынкі № 2 і № 4 злучае будынак-шырма, дзе, відаць, няма ніякіх памяшканняў акрамя калідора. За гэтай шырмай размешчаны будынак следчага ізалятара КДБ, больш вядомы як «Амерыканка» (вул. Камсамольская 30, корпус 5).№ 4 — будынак (1915) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000028
№ 6 — будынак (1930—1950-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000030
№ 8 (вул. Інтэрнацыянальная, 2) — пяціпавярховы жылы дом — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
№ 10 (вул. Інтэрнацыянальная, 1) — пяціпавярховы жылы дом — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
№ 12 корпус 1 — двухпавярховы будынак дэпо Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства. Пабудавана ў 1885 годзе — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
№ 12 корпус 2 — трохпавярховы будынак — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
== Помнікі ==
Бронзавая скульптура мінскага гарадавога, устаноўленая ў 2017 годзе цераз дарогу ад будынка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Атрымала дурную славу ў часы міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча пасля шматлікіх інцыдэнтаў з затрыманнем людзей, якія спрабавалі кантактаваць з ёй.
== Транспарт ==
Па вуліцы праходзяць аўтобусныя маршруты 23, 40, 50с, 65. Ля сквера Міцкевіча на ёй маецца тралейбусная канцавая станцыя, якая выкарыстоўваецца маршрутамі 9, 13, 14, 57.
== Зноскі ==