Тып : будынак
Шыфр : 513Г000061
Датаванне : 1904
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_па_вуліцы_Карла_Маркса,_30_(Бабруйск)

Дом па вуліцы Карла Маркса, 30 — будынак у гістарычным цэнтры Бабруйска.

== Гісторыя ==

Дакладная дата будаўніцтва былога жылога дома невядома. Паводле пісьмовых крыніц, да пачатку XX ст. гарадская забудова была пераважна драўлянай. Пасля спусташальнага пажару ў 1902 г., падчас якога згарэлі каля 1000 жылых дамоў і рынак, было прынята рашэнне будаваць толькі мураваныя дамы. Такім чынам, дом № 30 быў пабудаваны пасля пажару 1902 г., па некаторых неправераных звестках у 1904 г. Па плану Бабруйска 1914 г. будынак размяшчаўся ў цэнтральнай частцы горада, на Слуцкім фарштаце ў 76-м квартале па вул. Скобелеўскай. У муроўцы сцен дома цэгла мае кляймо «Розенбергъ». Паводле архіўных звестак, у Бабруйску існавала цагельня Гіршы Ёселева Разенберга. Несумненна, цэгла для будаўніцтва дома была набыта на гэтым заводзе. На паштоўцы з відам вул. Скобелеўскай, дзе паказана перспектыва вуліцы з трохпавярховай гасцініцай Незабытоўскага на пярэднім плане, побач з якой бачны невялікі фрагмент дома № 30, галоўны фасад якога быў атынкаваны. Вуглавая частка аформлена прысценным порцікам, завершаным развітым карнізам і прамавугольным атыкам. Прамавугольныя аконныя праёмы абрамлены ліштвамі і дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Выява не вельмі выразная, таму немагчыма разглядзець, ці існаваў ляпны дэкор. Участак з домам ад вуліцы быў адгароджаны, падобна, металічнай агароджай на мураваных слупах. Можна меркаваць, што дом уяўляў сабой гарадскі асабняк. У перыяд пасляваеннага аднаўлення г. Бабруйска паводле генплана, распрацаванага ў 1949 г., асабняк захоўваўся. На генплане паказаны як капітальны будынак грамадскага прызначэння.

== Архітэктура ==
У наш час дом з’яўляецца аднапавярховай Г-падобнай у плане пабудовай з невялікім паўкруглым выступам на дваровым фасадзе. Пад часткай будынка маецца падвал. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная частка з галоўным уваходам вылучана неглыбокім рызалітам. Завяршэнне рызаліта і дэкор страчаны. Аконныя праёмы прамавугольныя, ліштвы страчаны, захаваліся толькі падаконныя карнізы і філёнгі са слядамі ад балясін. Бакавыя часткі дома акцэнтаваны двухкалоннымі прысценнымі порцікамі. Існаваўшыя над імі прамыя атыкі страчаны. Аконныя праёмы, фланкіраваныя паўкалонамі, дэкарыраваны прафіляванымі ліштвамі з трохвугольнымі сандрыкамі на дэкаратыўных ляпных кранштэйнах. На тарцовых і дваровым фасадах захавалася падаконная цяга з сухарыкамі. Завершаны фасад прафіляваным карнізам.

Тып : будынак
Шыфр : 513Г000061
Датаванне : 1904
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_па_вуліцы_Карла_Маркса,_30_(Бабруйск)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты