
Дом па вуліцы Кірава, 22 у Пінску.
Двухпавярховы, з высокім цокалем, будынак, размешчаны на рагу вуліц Альбрэхтаўскай і Замкавай (цяпер Кірава і Насырава) быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Да рэвалюцыі 1917 года ў ім знаходзіўся гарадскі паліцэйскі ўчастак.
У польскі перыяд (1921-1939 гг.) гэты дом стаў уласнасцю домаўладальніка Янкеля Абрамоўскага. Арандавала дом польская сямігадовая школа №3, якая мела сталярную майстэрскую і добра абсталяваную кухню для заняткаў кулінарыяй. На другім паверсе размяшчалася швейная майстэрня школы. У падвальным памяшканні жыў гаспадар дома. Частку будынка займала цырульня Гітэльмана.
У вячэрні час тут займалася школа падафіцэраў (6 класаў), якая рыхтавала ваеннаслужачых да паступлення ў афіцэрскую школу. Польская школа займала гэты будынак да верасня 1939 года, і спыніла сваю дзейнасць з прыходам у горад савецкай улады.
З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь будова была муніцыпалізавана.Новыя ўлады ў кастрычніку 1939 года ў гэтым доме адкрываюць сярэднюю школу №4 з 20-ю навучальнымі класамі.
Па некаторых звестках з 1939 па 1941 год гэты будынак займаў НКУС.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе праца школы была прыпынена. Будынак школы нямецкія акупацыйныя ўлады ператварылі ў казарму для гаспадарчай роты, якая займалася вырабам каўбасы і пякла хлеб у пякарні на іншым боку вуліцы. Тут жа раздавалі нямецкім салдатам адзенне і абутак, нарабаваныя ў мірнага насельніцтва горада.
У 1944 годзе, адразу ж пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у гэтым ацалелым будынку была адкрыта руская пачатковая школа №6. Калектыў настаўнікаў саматугам аднавіў фасад будынка школы, вырабіў рамонт памяшканняў.
У 1945 годзе пачатковая школа № 6 была ператворана ў рускую няпоўную сярэднюю школу №4. У сутарэнным памяшканні школы былі абсталяваны сталярная і слясарная майстэрні. Няпоўная сярэдняя школа правяла два выпуску: у 1946 годзе – 19 навучэнцаў і ў 1947 годзе — 25 навучэнцаў. У 1947 годзе пачатковая школа была ператворана ў сярэднюю, з дзесяцігадовым тэрмінам навучання.
У студзені 1957 года сярэдняя школа №4 атрымлівае новы тыпавы трохпавярховы будынак па вуліцы Карла Маркса 13. А будынак па вул.Кірава быў перададзены школе для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, а пазней вячэрняй школе рабочай моладзі.
З чэрвеня 2008 года ў адрэстаўраваным будынку размяшчаецца Пінская праектна-канструктарская майстэрня “Марс”, якая ажыццяўляе выпуск праектна-каштарыснай дакументацыі і аказанне паслуг у сферы будаўнічага праектавання.