Дом па вуліцы Лазарэнкі, 13 — будынак у Магілёве, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1910 г. на Віленскай вуліцы пабудаваны як жылы, даходны дом. Магчыма, належаў прадпрымальніку Бруку. Выкарыстоўваўся як жылы з рознымі ўстановамі на першым паверсе. У 1924 г. нацыяналізаваны. У час Вялікай Айчыннай вайны моцна пашкоджаны, адбудаваны ў 1948 г. У савецкія часы выкарыстоўваўся як жылы з рознымі ўстановамі на першым паверсе.
У 2007 годзе, калі на адкрыццё новай транспартнай развязкі з мостам цераз Дубравенку прыязджаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, занядбаныя будынкі па вуліцы Лазарэнкі хавалі за банернай сеткай.
У 2013 годзе Магілёўскі гарвыканкам сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам падрыхтавалі навуковае абгрунтаванне на вывад будынкаў № 5, 7, 13 і 15 са Спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Меркавалася, што гэта дазволіць інвестарам у разы скараціць тэрміны і выдаткі на рэканструкцыю будынкаў. 27 лістапада 2013 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне пазбавіць гэтыя дамы статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей.
У 2014 годзе «Цэнтр па рэстаўрацыі» распрацаваў канцэпцыю архітэктурнага рашэння комплекснага ўзнаўлення будынкаў № 13 і 15 з мэтай аб’яднання іх у адзіны архітэктурны комплекс.
Пазбаўленне статусу выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў з мэтай не дапусціць разбурэння будынкаў была пададзена скарга ў Генеральную пракуратуру, якая заблакавала папярэдняе рашэнне.
У 2015 годзе будынак быў прададзены за 199 млн беларускіх рублёў пад адміністрацыйны з магчымым размяшчэннем аб’ектаў абслугоўвання і гандлю на першым паверсе.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры эклектыкі. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з чырвонай цэглы, неатынкаваны, які галоўным фасадам выходзіць на чырвоную лінію забудовы вул. Лазарэнкі. Мае скошаную плоскасць вуглавой часткі, у якой быў размешчаны ўваход. Паверхі падзелены прафіліраваным, шырокім, скаданараспрацаваным паяском, вуглы акцэнтаваны. Аконныя праёмы першага і другога паверха — прамавугольныя. Гзымс апрацаваны сухарыкамі. Усе дэкаратыўныя дэталі выкананы цаглянай муроўкай. Дах двухсхільны.
== Зноскі ==