
Будынак гасцініцы «Англійская» — будынак у Пінску, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, па вуліцы Леніна, 2, на скрыжаванні з плошчай Леніна.
== Гісторыя ==
На працягу другой паловы XIX стагоддзя на рагу Вялікай Кіеўскай (цяпер вул. Леніна) і Папярочна-Школьнай (цяпер вул. Бялова) змянялі адзін аднаго драўляны, затым мураваны аднапавярховы і, нарэшце, мураваны двухпавярховы дамы.
У пачатку 1890-х гадоў спадчыннікі першага вядомага гаспадара А. Німцовіча прадалі ўчастак з дзвюма пабудовамі на публічных таргах. Новая ўласніца Фейга Зільберфенш запісала нерухомасць свайму сыну Шэвелу. Пасля вялікага пажару ў 1921 годзе, які знішчыў частку дома з боку Папярочна-Школьнай вуліцы, Ш. Зільберфенш пачаў распродаж спадчыны. Да 1924 года ён па частках прадаў будынак і ўчастак Моўшы Шміду, буйному лесапрамыслоўцу.
Новы будынак пабудавана ў 1925—1928 гг. з цэглы па праекце пінскага архітэктара Мікалая Катовіча.
Гасцініца «Англійская» адрознівалася ад астатніх не толькі першакласным інтэр’ерам. Упершыню ў Пінску ў кожным нумары быў устаноўлены тэлефон, што рабіла гасцініцу надзвычай зручнай для дзелавых людзей. У будынку знаходзіліся найлепшы ў горадзе магазін адзення і галантарэі Кагана, галантарэйная крама Фельдмана, паштовае прадстаўніцтва, рэстаран «Ritz» і рэстаран-кабарэ «Парадзіз» («Рай») Пятрыніча, які праславілі «фурданцэркі» (дамы для танцаў) і выдатны аркестр.
Увосень 1934 года ў будынку размяшчаўся часовы штаб экспедыцыі Луізы Бойд, адкуль даследчыца выязджала ў пінскія сёлы.
З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе будынак быў нацыяналізаваны і прыстасаваны пад сямейны інтэрнат лётчыкаў. З канца 1945 года ў ім адначасова размясціліся Беларускі электратэхнікум сувязі і Пінскі ўлікова–крэдытны тэхнікум з інтэрнатамі. Другі паверх на некалькі дзесяцігоддзяў ізноў занялі сем’і ваеннаслужачых. На першым паверсе да пачатку XXI стагоддзя працавала цырульня, крама галантарэйных тавараў.
== Архітэктура ==
Пры будаўніцтве выкарыстаны прыёмы архітэктуры мадэрн. Трохпавярховы будынак пад пакатым двухсхільным дахам мае ў плане форму чатырохвугольніка. Крылы дома ўтвараюць вузкі ўнутраны дворык, у які вядзе праезд з боку вуліцы. Архітэктура будынка характарызуецца абмежаванай колькасцю дэкаратыўных дэталяў (міжпаверхавы прафіляваны паясок, расшыўка тынкоўкі пад руст, плоскія ліштвы праёмаў, ажурныя балконныя рашоткі). Пластычнасцю дэкаратыўнага вырашэння вызначаецца вуглавы эркер, які апіраецца на магутную прысадзістую калону, за якой хаваецца ўваход у будынак. Падчас рэстаўрацыі на калоне раскрылі даваенны надпіс на польскай мове: «A. L. Goldberg Sрizidaz komisowy» («Камісійны продаж А. Л. Гольдберг»). На вуглавым эркеры пазначаны гады будаўніцтва: 1925—1928, а над ім знаходзіцца адноўлены рэстаўратарамі атык у выглядзе аркады.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
А. М. Кулагін. 1212. Забудова вуліцы Леніна // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — С. 284. — 368 с., іл.
Пінскія жылыя дамы // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Пінск — сэрца Палескага краю / Хвагіна Т. А. — Мн.:Вышэйшая школа, 2014. — 175 с.: ISBN 978-985-06-2474-1