Дом павятовага лекара Вітольда Стасевіча па вуліцы 7 Лістапада, 4 у Лідзе. Пабудаваны да 1935 года па вуліцы 11 Лістапада, д. 4. Дом мае выразныя рысы польскага нацыянальнага стылю (закапанскага стылю) – малыя пакойчыкі на паддашшы і высокі ламаны дах з выгнутымі кроквамі. Дачка лекара Стасевіча – прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова (1929-2011) пісала пра радзінны дом: “Бацькі вырашылі пабудаваць уласны дом прыстасаваны да іх патрэб. Акрамя жылых пакояў у доме павінен быў быць асобны лекарскі кабінет з пачакальняй, каля дома быў пабудаваны гараж (сям’я доктара валодала аўтамабілем “Фіят”), каля дома быў сад – гарод … Не ведаю, у якім годзе паўстаў дом, але памятаю, што ў 1935 г. мы ўжо жылі ў ім, і бацька займаў пасаду павятовага лекара… Як выглядаў той мураваны дом пры вуліцы 11 лістапада? Дом стаяў на невялікім прыгорку і меў два ўваходы. Перад дваймі ўваходнымі дзвярамі было некалькі прыступак, адны дзверы вялі ў чатыры жылыя пакоі з кухняй і ванным пакоем, другія дзверы вялі ў маленькі калідорчык, з якога быў уваход у лекарскую пачакальню а з пачакальні – у кабінет лекара, дзе працаваў мой бацька… практычна ён працаваў цэлы дзень з кароткім перапынкам на абед і гадзінным адпачынкам”.
Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінала пра гэты дом: «У нашым коле ў 1950-1960-х гадах усе называлі гэты … дом … «генеральскім». … У … доме, глуха агароджаным высокім плотам, адзін час жыў генерал Ігнацьеў, вельмі высокі, прыгожы стары, Герой Савецкага Саюза. Ён часта выступаў на гарадскіх піянерскіх злётах, вельмі цікава апавядаў аб тым, як ваяваў у партызанскай кавалерыйскай брыгадзе Каўпака, і аб многім іншым. Па-мойму, ён ваяваў і ў грамадзянскую вайну. Мне і маім аднагодкам ён здаваўся вельмі старым, а ён быў равеснікам стагоддзя – гэта значыць, у 1957-м яму было 57 гадоў… Увесь наш раён лічыўся элітным для таго часу. І сапраўды: паблізу – ні адной разваліны, акуратныя тратуары, усё ў зеляніне, дарогі забрукаваныя, а зусім побач – прамавугольнік паміж вуліцамі Перамогі, Савецкай, Кірава і Ленінскай – руіны, бітая цэгла, заваленыя камянямі падвалы, варонкі ад бомб. Улетку яны зарасталі крапівой, лопухам, высокай лебядой. Так добра было там хавацца, ладзіць гульні!»
Літаратура
- Лаўрэш Леанід. Архітэктура нацыянальнага рамантызму на Лідчыне // Наша слова № 37(1032), 14 верасня 2011.; №38(1033), 21 верасня 2011.