
Дом Пе́раца — колішні даходны дом у Мінску. Месціцца па адрасе вуліца Савецкая, 2. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.
== Гісторыя ==
Стары адрас — вуліца Захар’еўская, 4; у 1896—1912 гадах — 6—8. Не пазней чым з 1895 года ўласнік участка — фабрыкант Перац Хаім Мееравіч. Двухпавярховы мураваны дом пабудаваны у 1899 годзе з прыбудовай (калідорам) і склепам.
Фабрыка абутку «Орел» Пераца месцілася ў 3-павярховым мураваным доме (1910) па гэтым жа адрасе, які размяшчаўся ў двары дома № 2 па сённяшняй вуліцы Савецкай і дома № 3 па вуліцы Бабруйскай. У 1-павярховай адрыне з 1897 года месцілася мазаічная фабрыка Пераца, адрына месцілася ў тым жа двары.
У 1902—1912 гадах ў доме месцілася аптэка, хіміка-бактэрыялагічны кабінет і лабараторыя правізара Каварскага А. В. (у 1913—1917 — Шмуйловіча Г. Б.), у 1915—1917 гадах — кабінет лекара-практыканта гарадскога радзільнага прытулку Ландау Эмануіла Ісакавіча, у 1917 годзе — 713 зводны палявы шпіталь.
У 1920 годзе Перацы выехалі за мяжу. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізаваная савецкімі ўладамі. У 1925—1926 гадах у доме месціцца працоўны калектыў Дрэвавугалю, у 1927—1928 гадах — Беларускае аддзяленне Дзяржаўнага выдавецтва РСФСР.
У 1928—1929 гадах у доме сярод іншых жыў беларускі дзяржаўны дзеяч Нічыпар Лукіч Аксючыц.
== Архітэктура ==
Двухпавярховы П-падобны ў плане будынак з 2 бакавымі рызалітамі на дваровым фасадзе. Галоўны фасад арыентаваны на лінію забудовы вуліцы. Паверхі падзеленыя шырокім прафіляваным поясам. 1-ы паверх дэкараваны глыбокім рустам, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, 2-і — пілястрамі па баках, вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі і сіметрычна размешчанымі балконамі. Уваходы з боку дваровага фасада. Унутраная планіроўка калідорнага тыпу. У архітэктуры праявіліся рысы эклектыкі.
На фотаздымках
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга I.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-02-1426-3.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.