Тып : будынак
Шыфр : 711Е000001
Датаванне : ХІ–ХХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_Поляка

Дом Поляка — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 28. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.

== Гісторыя ==

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас пажару 1874 года. Пасля пажару на месцы страчанай забудовы пабудаваны новы мураваны двухпавярховы дом, а таксама драўляны флігель. Гэтыя будынкі, якія належалі мінскаму мешчаніну Абраму Поляку, моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару ўладальнік звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага жылога дома, а таксама на ўзвядзенне комплексу гаспадарчых пабудоў.
Гэты праект быў цалкам рэалізаваны. Адноўлены пасля пажару мураваны двухпавярховы жылы дом выходзіў галоўным фасадам на Койданаўскую вуліцу. Асноўны аб’ём будынка быў накрыты двухсхільным дахам і аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Вуглы будынка былі аформлены лапаткамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны вялікі балкон з каванымі дэкаратыўнымі кратамі. Прамавугольныя аконныя праёмы другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі.
У 1891 годзе новы ўладальнік дома Ізраіль Ляхоўскі пабудаваў на тэрыторыі пляца новы мураваны флігель. У канцы XIX стагоддзя былы дом Поляка набыла дваранка Ідалія Воўк. У 1892 годзе яна пабудавала на тэрыторыі пляца некалькі дадатковых мураваных гаспадарчых пабудоў.
У 1906 годзе гэты дом разам з зямельным пляцам перайшоў ва ўласнасць да дваранкі Амеліі Ельскай. Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў у доме Ельскіх займала гасцініца «Купецкая», якая мела 10 нумароў, акрамя таго, ў будынку было некалькі жылых кватэр.
Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў. Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў і перабудоў быў часткова страчаны дэкор галоўнага фасада, а таксама балкон на другім паверсе. Адначасова была замуравана праязная арка.
Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё.

У 2008—2009, а таксама ў 2012 гадах былі праведзены даследаванні, якія выявілі, што будынак знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Планавалася яго адрэстаўраваць і прыстасаваць пад гандлёвыя і офісныя функцыі. Падчас даследавання быў высветлены першапачатковы характар фасадаў, знойдзены сляды колішняга балкона, кавалак кафлі з арнаментам ад ацяпляльнай печы.
Дакументацыя па рэстаўрацыі была распрацавана праектным інстытутам «Мінскграмадзянпраект» па заказе «Мінскай спадчыны». У часе рэканструкцыі ў 2013 годзе на аб’екце вяліся работы, якія не адпавядалі праектнай дакументацыі: будаўнікі збілі старую ўсе ляпныя дэкаратыўныя элементы, зрабілі таркрэтаванне — нанеслі слаі бетону на аўтэнтычную тынкоўку, а таксама правялі ацяпленне, якое не было ўзгоднена. Міністэрства культуры выдала прадпісанне спыніць работы на аб’екце ў сувязі з парушэннямі заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

== Архітэктура ==
Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам па 2 часткі. Прамавугольныя вокны 1-га і лучковыя 2-га паверхаў маюць абрамленне. На 2-м паверсе праёмы дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Пад дахам праходзіць шматслойны развіты карніз.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Тып : будынак
Шыфр : 711Е000001
Датаванне : ХІ–ХХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_Поляка
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты